Папа падчас сустрэчы з балгарскім істэблішментам Папа падчас сустрэчы з балгарскім істэблішментам  

Папа да ўладаў Балгарыі: будуйце будучыню надзеі

Будаваць будучыню надзеі для сваіх грамадзян, заклікаў Папа прадстаўнікоў балгарскіх уладаў, грамадзянскай супольнасці і дыпламатычнага корпуса, акрэдытаванага ў балканскай краіне.

Сустрэча адбылася 5 мая 2019 г. ў Прэзідэнцкім палацы ў Сафіі. Францішак нагадаў, што геагафічнае становішча і гісторыя Балгарыі падштурхоўваюць яе быць месцам сустрэчы паміж культурамі і цывілізацыямі. “Тут адметнасці, з павагай да асаблівасцей, бачацца як магчымасць і багацце, а не прычына для супрацьстаяння”, - сказаў ён.

Францішак прывітаў прадстаўнікоў уладаў, а таксама рэлігійных супольнасцей, прысутных у Балгарыі. Ён нагадаў, што рэлігіі пакліканы спрыяць гармоніі і згодзе, павазе да чалавека і яго годнасці, будаваць сувязі паміж цывілізацыямі, светаўяўленнямі і традыцыямі, адмаўляючыся ад насілля і прымусу. “Так можна перамагчы тых, хто рознымі спосабамі намагаецца маніпуляваць імі і інструменталізаваць іх”, - сказаў Святы Айцец.

Рэпартаж з сустрэчы з балгарскім істэблішментам

Пантыфік падкрэсліў уклад святых Кірыла і Мятода ў евангелізацыю, развіццё мовы і культуры балканскай краіны. Ён пажадаў, каб гэтыя місіянеры працягвалі натхняць людзей таксама і сёння на плённы дыялог, гармонію, братэрскую сустрэчу паміж Цэрквамі, дзяржавамі і народамі.

Святы Айцец звярнуў увагу на актуальныя праблемы балгарскага грамадства: міграцыю, дэмаграфічны спад, вялікую колькасць бежанцаў ля межаў краіны. Ён заклікаў палітыкаў ствараць умовы, каб балгарскія грамадзяне, не былі вымушаны эміграваць, а таксама не закрываць дзверы перад тымі, хто стукае ў іх.

“Ваша краіна заўсёды была мостам паміж Усходам і Захадам, які можа спрыяць сустрэчы паміж культурамі, народнасцямі, цывілізацыямі і рознымі рэлігіямі, што на працягу стагоддзяў жылі ў міры. Развіццё Балгарыі, у тым ліку эканамічнае і грамадзянскае, абавязкова пралягае праз прызнанне і ўмацаванне гэтай асаблівай рысы. Няхай гэтая зямля, акрэсленая вялікай ракой Дунай і берагамі Чорнага мора, якая стала ўрадлівай, дзякуючы пакорнай працы шматлікіх пакаленняў і адкрытасці на культурны і гандлёвы абмен, інтэграцыі ў Еўрапейскі Саюз і моцным сувязям з Расіяй і Турцыяй, зможа даць сваім дзецям будучыню надзеі”, - пажадаў Папа на заканчэнне прамовы.

Навіна ў фармаце аўдыё


 

05 мая 2019, 10:50