Папа Францішак Папа Францішак 

Папа: Бог пасылае вучням не гатовыя адказы, а Святога Духа

Не максімальная эфектыўнасць, а пакора ў слуханні, харызма быцця разам і мужнасць адрачэння, з’яўляюцца галоўнымі элементамі шляху Касцёла, перакананы Святы Айцец.

Папа ўзначаліў Эўхарыстыю з нагоды адкрыцця ХХІ Генеральнай асамблеі “Caritas Internationalis”. Урачыстая літургія прайшла 23 мая 2019 г. у ватыканскай базыліцы св. Пятра.

У гаміліі Пантыфік спаслаўся на ўрывак з Дзеяў Апосталаў, у якім распавядаецца пра так званы Ерузалемскі Сабор. Вучні Езуса сутыкнуліся з новай і нечаканай сітуацыяй: язычнікі сталі прымаць веру. Апосталы не ведалі, што рабіць у такім выпадку, бо Пан не пакінуў на гэты конт ніякіх выразных указанняў і правілаў, заўважыў Папа.

“[Вось спакуса “максімальнай эфектыўнасці” – думаць, што ў Касцёле ўсё добра, калі ўсё знаходзіцца пад кантролем, калі ён жыве без хваляванняў, калі мае добра распрацаваную праграму]”

, - сказаў Францішак.

“Але Пан дзейнічае не так; Ён не пасылае сваім адказ з неба, не адказвае, але пасылае Святога Духа. А Святы Дух не прыходзіць з гатовай праграмай у руках, але як агонь. Езус не хоча, каб Касцёл быў дасканалым макетам, які любуецца ўласнай арганізаванасцю і здольнасцю бараніць сваё добрае імя. Езус жыў не так, але пастаянна знаходзячыся ў дарозе, без страху перад жыццёвымі хваляваннямі. Наша жыццёвая праграма – гэта Евангелле, у ім змешчана ўсё. Яно вучыць нас, што пытанні не вырашаюцца з дапамогай гатовых рашэнняў і што вера – гэта не распарадак, але “Шлях”, якім трэба ісці разам, заўсёды разам, у духу даверу”, - сказаў ён.

Рэпартаж з Эўхарыстыі ў базыліцы св. Пятра

Францішак заўважыў, што вынікам “вялікай спрэчкі” паміж апосталамі, стала не ўвядзенне новага, а “адмаўленне ад чагосьці старога”. Гаворка ішла пра важныя рэлігійныя традыцыі і прадпісанні, дарагія выбранаму народу. На карце стаяла рэлігійная тоеснасць. Але яны палічылі, што абвяшчэнне Папа павінна быць на першым месцы.

“Для дабра місіі, каб ясным і пераканаўчым чынам абвяшчаць усім, што Бог – гэта любоў, нават і тыя чалавечыя перакананні і традыцыі, якія хутчэй з’яўляюцца перашкодай, чым дапамогай, могуць і павінны быць пакінуты. Таксама і мы маем патрэбу ў тым, каб разам адкрыць нанова прыгажосць адрачэння, у першую чаргу ад саміх сябе”, - сказаў Папа.

Пантыфік заўважыў, што “сапраўдная вера ачышчае ад прывязанасцей”. “Каб ісці за Панам трэба крочыць хутка, а каб крочыць хутка, трэба вызваліцца ад лішняга цяжару, нават калі гэта цяжка. Як Касцёл, мы пакліканы не да бізнес-кампамісаў, а да евангельскага запалу”, - дадаў ён. Святы Айцец падкрэсліў, што павінны адбывацца не “касметычныя” змены, але “навяртанне сэрца, якое праходзіць праз адрачэнне”.

Паводле Папы, існуе патрэба пакоры ў слуханні іншага.

“[Пакора нараджаецца, калі замест таго, каб казаць, мы слухаем; калі перастаём ставіць сябе ў цэнтр. Яна ўзрастае таксама праз прыніжэнне. Езус прайшоў шляхам пакорнага служэння. Менавіта на гэтым шляху любові сыходзіць Святы Дух і ўказвае напрамак]”

, - дадаў ён.

Францішак падкрэсліў, што слухаць у першую чаргу трэба самых малых і апошніх. “У свеце больш кажа той, хто мае больш сродкаў, але так не павінна быць паміж намі, таму што Богу падабаецца адкрывацца праз малых і апошніх. І Ён кліча ўсіх ні на каго не глядзець зверху ўніз”, - сказаў Святы Айцец.

Папа заахвоціў каталіцкіх дабрачынцаў быць уважлівымі да канкрэтнага жыцця людзей і працаваць разам. “У той час як галасы д’ябла і свету нясуць падзелы, голас Добрага Пастыра фарміруе адзіны статак”, - падкрэсліў Пантыфік.
 

23 мая 2019, 19:03