Cerca

Vatican News
Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота  (ANSA)

Пантыфік: спорт – важная школа каштоўнасцей і павагі да правіл

Спорт – гэта важная школа каштоўнасцей і павагі да правіл, адзначыў Папа падчас сустрэчы з членамі асацыяцыі “Італьянскі спартыўны цэнтр” (Centro Sportivo Italiano).

Аўдыенцыя адбылася 11 мая 2019 г. у Ватыкане з нагоды 75-годдзя гэтага каталіцкага грамадскага аб’яднання.

Звяртаючыся да сваіх гасцей Францішак заўважыў, што спорт з’яўляецца важнай “школай кантролю над сабой і павагі да іншага чалавека”. Ён вучыць адданасці, пастаянству, вучыць не губляць усмешкі і прымаць паразы.

“Вялікі ўрок спорту дапамагае нам прымаць штодзённыя цяжкасці, звязаныя з вучобай і працай, адносінамі з іншымі людзьмі, а таксама вучыць, што весела бавіць час можна ў рамках вызначаных правіл”

, - падкрэсліў Святы Айцец.

Францішак заўважыў, што правілы – фундаментальна важныя для суіснавання людзей. Шчасце нельга здабыць абыходзячы іх, але толькі калі з сумленнасцю дасягаем уласных мэтаў. Мы не адчуваем сябе больш свабоднымі, калі не маем межаў, але калі, маючы абмежаванні, даем лепшае з сябе, перакананы Папа.

Святы Айцец адзначыў, што спорт можа дапамагчы змяніць грамадства, таму што “робіць людзей лепшымі і можа спрыяць культуры дыялогу і паважлівай сустрэчы”. Барацьба з супернікам у спорце заўсёды называецца “сустрэчай” і ніколі “сутыкненнем”, бо напрыканцы выігрываюць абодва.

“Вось свет, аб якім мы марым і які прагнем з рашучасцю будаваць на падставе здаровага спартыўнага запалу, пры якім заўсёды бачым у суперніку таксама сябра і брата”

, - падкрэсліў Папа.

Святы Айцец заклікаў сваіх гасцей спрыяць такому падыходу ў парафіях і араторыях, у якіх яны дзейнічаюць, а таксама захоўваць веру – “самы каштоўны дар у нашым жыцці”.

Навіна ў фармаце аўдыё
11 мая 2019, 13:32