Пошук

Vatican News

Пантыфік даў настаўленне італьянскаму епіскапату

Францішак прапанаваў італьянскім іерархам некалькі тэм для разважання. 20 мая ў Ватыкане распачалася генеральная асамблея Канферэнцыі Біскупаў Італіі, якую адкрыў Папа.

У першую чаргу, Святы Айцец закрануў пытанне саборнасці і калегіяльнасці. Ён нагадаў, што калегіяльнасць – гэта адмысловая форма, у якой касцёльная саборнасць праяўляецца і рэалізуецца праз служэнне біскупаў на ўзроўні камуніі паміж мясцовымі Касцёламі ў рэгіёне і на ўзроўні камуніі паміж усімі партыкулярнымі Касцёламі з Паўсюдным. Менавіта саборнасць і калегіяльнасць, па словах Папы, паказваюць на “стан здароўя” Касцёла ў Італіі.

Францішак заклікаў іерархаў надаць увагу рэформе так званых сужэнскіх працэсаў. Са шкадаваннем ён канстатаваў, што за чатыры гады рэформы ў большасці італьянскіх дыяцэзій было зроблена занадта мала ў гэтым кірунку. Прычыну ён бачыць, у прыватнасці, у эканамічных інтарэсах некаторых адвакатаў і ў страху некаторых судовых вікарыяў страціць уладу.

Трэцяе пытанне, на якое Пантыфік папрасіў звярнуць увагу, – гэта ўзаемаадносіны паміж святарамі і біскупамі, якія складаюць “хрыбет” дыяцэзіяльнай супольнасці. Біскуп павінен быць айцом і кіраўніком для сваіх прэзбітэраў, адзначыў Папа, дадаўшы, што ў некаторых іерархаў не атрымоўваецца ўсталяваць прымальныя, здаровыя адносіны са святарамі. Ён заклікаў не прызначаць на адказныя пасады святароў, заўсёды на гэта гатовых або кар’ерыстаў, і наадварот, не баяцца людзей прамых і шчырых.

Сёння, калі духавенства пастаянна падвяргаецца нападкам СМІ па віне некаторых сабратаў, для іх як ніколі важна знайсці ў біскупе старэйшага брата і айца, які падбадзёрыць у цяжкія моманты, - падкрэсліў Францішак.

Навіна ў фармаце аўдыё
21 мая 2019, 14:00