Cerca

Vatican News
Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота  (ANSA)

Францішак: неабходна ўмеркаванасць, каб захаваць планету

3 мая 2019 г. Папа сустрэўся з удзельнікамі канферэнцыі “Здабываючыя прамысловасць на карысць агульнага дабра”, якая прайшла ў Ватыкане па ініцыятыве Дыкастэрыі па служэнні інтэгральнаму развіццю чалавека.

Святы Айцец нагадаў пра тэрміновую патрэбу ў дыялогу адносна “нашага супольнага дому”, які “дасць эфектыўны адказ на крык Зямлі і бедных”. Ён падзякаваў прадстаўнікам здабываючых кампаній, якія пагадзіліся сабрацца разам і прыняць удзел у ватыканскай сустрэчы. Папа пажадаў, каб дыялог працягваўся далей і станавіўся нормай.

Прычынай гаротнага стану планеты, паводле Францішка, з’яўляецца эканамічная мадэль, “скіраваная на прыбытак” і “заснаваная на ілюзіі бясконцага эканамічнага росту”. Назіраючы разбуральны ўплыў на свет прыроды і жыццё людзей, мы, аднак, супраціўляемся пераменам.

“Буйныя эканамічныя сілы надалей апраўдваюць цяперашнюю сусветную сістэму, у якой пераважаюць спекуляцыя і імкненне да фінансавай выгады, гатовыя ігнараваць усялякі кантэкст, а таксама наступствы для чалавечай годнасці і для навакольнага асяроддзя (Laudato si', 56)”, - нагадаў Святы Айцец.

Францішак пажадаў, каб здабываючая прамысловасць знаходзілася на службе ўсёй чалавечай супольнасці, таму што Бог даў зямлю ў карыстанне ўсім. У сувязі з гэтым ён заклікаў уключаць у кожную фазу праектавання здабываючай дзейнасці мясцовыя супольнасці, улічваючы іх будучыню. Папа нагадаў пра сітуацыю карэнных народаў Амазоніі, вымушаных пакідаць свае землі па прычыне развіцця на іх такой дзейнасці.

Асаблівую ўвагу Пантыфік звярнуў на сітуацыю шахцёраў. “Увага да клопату і дабрабыту людзей, якія задзейнічаны здабываючай прамысловасці, а таксама павага на фундаментальных правоў членаў мясцовых супольнасцей і тых, хто іх абараняе – гэта прынцыпы, якія не абмяркоўваюцца. Толькі сацыяльнай адказнасці прадпрыемства недастаткова. Мы павінны гарантаваць, каб здабываючая дзейнасць вяла да інтэгральнага чалавечага развіцця кожнай асобы і ўсяго грамадства”, - сказаў Папа.

Гаворачы пра абавязак клопату аб экалогіі, Пантыфік пажадаў, каб здабываючая прамысловасць развівалася ў рамках “эканомікі замкнутага цыклу”, была ашчаднай, спрыяла “паўторнаму выкарыстанню” і “перапрацоўцы”, а не павелічэнню колькасці “адходаў”.

Святы Айцец нагадаў, што рэлігійныя традыцыі заўсёды прадстаўлялі ўмеркаванасць у якасці ключавога кампанента этычнага і адказнага ладу жыцця. “Умеркаванасць – жыццёванеабходная, каб захаваць наш супольны дом. “Шчаслівыя лагодныя, бо яны атрымаюць у спадчыну зямлю” (Мц 5,5)”, - сказаў Францішак прадстаўнікам здабываючых кампаній.

Навіна ў фармаце аўдыё
03 мая 2019, 13:45