Папская швейцарская гвардыя. Ілюстрацыйнае фота Папская швейцарская гвардыя. Ілюстрацыйнае фота 

Францішак да гвардзейцаў: дапамагайце людзям, будзьце святымі

Быць сведкамі ўваскрослага Хрыста, заклікаў Папа швейцарскіх гвардзейцаў. Напярэдадні прысягі новых рэкрутаў, ён прыняў афіцэраў і салдат 4 мая 2019 г. на аўдыенцыі ў Ватыкане.

Пантыфік падзякаваў ім за самаахвярнасць, прафесіяналізм і любоў, з якой выконваюць сваё служэнне.

“Сёлета ваша свята прыпадае на велікодны перыяд, калі Касцёл запрашае святкаваць прыгажосць Пасхі і перажыць Уваскрасенне Езуса. Як вы можаце плённа адзначыць гэту цудоўную падзею? – Становячыся сведкамі Хрыста ўваскрослага. Гаворка ідзе пра тое, каб ажыццявіць радаснае пасхальнае пасланне, пашыраючы культуру ўваскрасення, асабліва ў такім экзістэнцыяльным кантэксце, дзе пераважае культура смерці”, - звярнуў увагу Папа.

Францішак запрасіў гвардзейцаў дапамагаць людзям, якія “знаходзяцца ў сучасных “магілах” болю, разгубленасці, нястачы, чакаючы святла, якое дапаможа ім уваскрэснуць да новага жыцця”.

“[Заклікаю вас скіроўваць да іх словы суцяшэння і братэрскія жэсты, становячыся пераканаўчымі сведкамі Хрыста ўваскрослага, жывога і прысутнага ў кожным часе. Такім чынам вы зможаце плённа жыць вашым хрысціянскім пакліканнем, укаранёным у хросце, крыніцы веры]”

, - сказаў Пантыфік

Папа нагадаў, што людзі чакаюць поўнай самаадданасці і жыццёвай святасці ад тых, хто знаходзіцца на службе Апостальскай Сталіцы. Ён пажадаў гвардзейцам утрымліваць паміж сабой сяброўскія адносіны, вучыцца паважаць асаблівасці і погляды бліжняга, бачыць у іншых братоў і спадарожнікаў. “Гэта асабліва важна ў свеце, дзе зараз, як ніколі раней, адбываецца велізарнае перамяшчэнне народаў і людзей у пошуках бяспекі і годнага жыцця”, - заўважыў Францішак.

Рэпартаж з аўдыенцыі для швейцарскіх гвардзейцаў
Навіна ў фармаце аўдыё
04 мая 2019, 13:08