Пошук

Кітайскі сцяг на плошчы св. Пятра. Ілюстрацыйнае фота Кітайскі сцяг на плошчы св. Пятра. Ілюстрацыйнае фота 

Францішак пра сваю мару паехаць у Кітай

Папа прызнаўся, што марыць аб паездцы ў Кітай і вельмі паважае кітайскі народ. Ён зрабіў гэта падчас інтэрв’ю для мексіканскага Televisa. Адным з пытанняў сталі ўзаемаадносіны з Паднябеснай.

Францішак паўтарыў двойчы, што адносіны з Кітаем вельмі добрыя. На яго думку, падпісанне Часовага пагаднення з гэтай краінай 22 верасня 2018 г., “гэта добры крок”. Мясцовыя біскупы “ведаюць, што павінны быць добрымі патрыётамі і клапаціцца аб каталіцкай пастве”, - заўважыў Пантыфік, дадаўшы, што ў адносінах з Кітаем існуе шырокі культурны абмен, “акрамя таго, яны прымаюць каталіцкіх святароў, якія з’яўляюцца спецыялістамі ў той ці іншай вобласці, напрыклад, універсітэцкіх выкладчыкаў”. Ён перакананы, што гэта добры спосаб збліжэння. “На дадзены момант, адносіны добрыя”, - падкрэсліў яшчэ раз Францішак.

На заўвагу журналісткі, што меркаванні кітайскіх католікаў на тэму Дамовы падзеленыя, Святы Айцец адзначыў, што “католікі вельмі рады, што цяпер яны разам”, дадаўшы, што яны заўсёды былі разам.

У той жа час, Францішак прызнаў, што так заўсёды адбываецца ў выпадку палітыкі малых крокаў, калі некаторыя лічаць, што іх адсунулі ў бок, але падкрэсліў, што такія асобы “складаюць меншасць”. Папа заўважыў, што Вялікдзень католікі Кітая святкавалі разам і ва ўсіх касцёлах, “сёлета не было ніякіх праблем”.

У канцы гэтай часткі інтэрв’ю Пантыфік паўтарыў, што ён вельмі хацеў бы паехаць у Кітай.

У Кітаі на працягу дзесяцігоддзяў дзейнічалі так званы “афіцыйны”, прызнаны дзяржавай, і “падпольны” Касцёлы. У верасні 2018 г. адбылося падпісанне Часовага пагаднення паміж Святым Пасадам і КНР. Дамова, якая стала плёнам паступовага і ўзаемнага збліжэння, была заключана пасля доўгага працэсу ўзважаных перамоў. Яна тычыцца прызначэння біскупаў – пытання вялікай важнасці для жыцця Касцёла, – і стварае ўмовы для больш шырокага супрацоўніцтва на двухбаковым узроўні.

З ватыканскага пункту гледжання, гэта не завяршэнне, а пачатак працэсу. Мэта пагаднення не палітычная, а душпастырская: даць вернікам магчымасць мець біскупаў, якія знаходзяцца ў еднасці з Рымам, і, адначасова, прызнаюцца кітайскімі ўладамі.

Навіна ў фармаце аўдыё
30 мая 2019, 11:55