Пошук

Vatican News
Сядзіба Кангрэгацыі Веравучэння Сядзіба Кангрэгацыі Веравучэння 

Папа ініцыяваў змены ў функцыянаванні Персанальных ардынарыятаў

Пасля 10 гадоў ад абвяшчэння Апостальскай канстытуцыі Anglicanorum coetibus Францішак ініцыяваў змены ў Дадатковых нормах да дакументу. Яны былі абнародаваны 9 красавіка 2019 г. у Ватыкане.

Гаворка ідзе пра неабходнае абнаўленне, якое бярэ пад увагу тэалагічныя, экуменічныя і кананічныя аспекты.

Апостальская канстытуцыя Святога Айца Бэнэдыкта XVI Anglicanorum coetibus была апублікавана 9 лістапада 2009 г. У адпаведнасці з ёй для англіканскіх вернікаў, якія перайшлі ў супольнасць Каталіцкага Касцёла, устанаўліваюцца Персанальныя ардынарыяты.

Змены, апублікаваныя Кангрэгацыяй Веравучэння, закранулі 4 артыкул Дадатковых нормаў, у якім вызначаюцца правілы прыналежнасці святароў да Ардынарыятаў. У папярэдняй рэдакцыі гаварылася, што інкардынацыю атрымлівае англіканскае духавенства, якое ўвайшло ў поўныя зносіны з Касцёлам. Цяпер гэта і тыя святары, хто ўжо інкардынаваны ў іншыя дыяцэзіі на падставе Pastoral Provision, і кандыдаты да святарства, якія рыхтуюцца атрымаць пасвячэнне ў рамках Ардынарыята. Апрача таго, святары, якія хочуць перайсці ў Ардынарыят, павінны атрымаць экскардынацыю з дыяцэзіі паходжання.

Варта нагадаць, што Pastoral Provision, гэта нормы, распрацаваныя ў 1980 г. у ЗША, адносна святарскага пасвячэння былых жанатых англіканскіх святароў.

Змяніліся і правілы, якія датычацца свецкіх вернікаў. У артыкуле 5 гаворка ідзе пра людзей, што былі правамерна ахрышчаны ў іншых супольнасцях па-за каталіцкай. Калі асоба выказвае жаданне ўступіць у поўныя зносіны з Каталіцкім Касцёлам, дзякуючы намаганням і прапаведніцкай місіі Ардынарыята, яна лічыцца прынятай, калі атрымае сакрамэнты канфірмацыі і Эўхарыстыі. Гэта адносіцца і да тых, хто быў ахрышчаны не правамерна.

Адбылося спрашчэнне правіл падрыхтоўкі духавенства Ардынарыятаў. Раней у 10 артыкуле гаварылася, што кандыдаты да святарства маглі атрымаць святарскую адукацыю ў адпаведнасці з канкрэтнай праграмай у семінарыі або спецыяльнай установе Ардынарыята. Новая рэдакцыя кажа, што семінарысты Ардынарыята могуць атрымліваць тэалагічную адукацыю разам з іншымі семінарыстамі ў семінарыі або на тэалагічным факультэце, па ўзгадненні з дыяцэзіяльным біскупам ці іншымі біскупамі. Акрамя таго, Ардынарыят павінен клапаціцца пра пастаянную фармацыю свайго духавенства не толькі праз удзел у сустрэчах, арганізаваных біскупскай канферэнцыяй і дыяцэзіяй, але і на аснове ўласных фармацыйных праграм.

У Дадатковыя нормы быў уключаны новы 15 артыкул, які падкрэслівае значэнне Імшалу Персанальных ардынарыятаў Divine Workship. Ён быў зацверджаны Апостальскай Сталіцай і падтрымлівае каталіцкі культ, улічваючы англіканскую літургічную спадчыну. Падкрэсліваецца, што літургічная цэлебрацыя ў адпаведнасці з Divine Workship зарэзервавана Персанальным ардынарыятам. Святары могуць выкарыстоўваць узгаданы імшал па-за парафіямі Ардынарыята, калі Імша адбываецца без удзелу вернікаў або з дазволу рэктара ці пробашча, калі гэта публічная літургія. У выпадку душпастырскай патрэбы або ў адсутнасці святара, інкардынаванага ў Ардынарыят, любы святар можа ўзначаліць Эўхарыстыю для членаў Ардынарыята ў адпаведнасці з узгаданым імшалам. Таксама любы святар можа канцэлебраваць св. Імшу паводле Divine Workship.

У 1991 г. з Англіканскай Царквы выйшла група вернікаў, якія выступалі супраць святарскага пасвячэння жанчын. Яны стварылі традыцыйную англіканскую супольнасць. У 2007 г. яе Прымас, аўстралійскі арцыбіскуп Джон Хэпворт звярнуўся да Папы з просьбай прыняць групу вернікаў у поўную касцёльную і сакрамэнтальную камунію.

Навіна ў фармаце аўдыё
09 красавіка 2019, 12:39