Cerca

Vatican News
Ружанец і фотаздымак Папы, які моладзь атрымала ў імяніны Святога Айца Ружанец і фотаздымак Папы, які моладзь атрымала ў імяніны Святога Айца 

Папа святкуе імяніны і нагадвае пра важнасць Ружанца

23 красавіка, калі ў Каталіцкім Касцёле ўспамінаецца св. Юры, Папа адзначае свае імяніны. Імя гэтага святога, у яго іспанамоўнай форме – Хорхэ, Пантыфік атрымаў ад сваіх бацькоў.

Францішак пажадаў адсвяткаваць імяніны ў асаблівай лучнасці з моладдзю. Праз пасярэдніцтва Апостальскай элемазінарыі ён падарыў 6 тыс. ружанцаў, якія былі зроблены да Сусветных дзён моладзі ў Панаме, юнакам і дзяўчатам з Міланскай архідыяцэзіі, паведаміла Зала Друку Апостальскай Сталіцы.

Раніцай 23 красавіка 2019 г. міланская моладзь прымала ўдзел у св. Імшы, якую ў ватыканскай базыліцы цэлебраваў арцыбіскуп Мілана Марыё Дэльпіні. 24 красавіка яна будзе прысутнічаць на агульнай аўдыенцыі на плошчы св. Пятра.

Дорачы юнакам і дзяўчатам ружанцы, Святы Айцец заклікаў памятаць пра яго ў малітве, асабліва марыйнай, нагадваючы, што праз тыдзень распачнецца месяц май, які ў Касцёле прысвечаны Маці Божай.

У дзень сваіх імянінаў Францішак не пакінуў без увагі абяздоленых. Ён перадаў 20-кілаграмовае шакаладнае яйка бедным, якія прыходзяць у сталоўку рымскага “Caritas”, што размяшчаецца ля чыгуначнага вакзала “Termini”.

Нябесны апякун Святога Айца – св. Юры – жыў на мяжы ІІІ-IV ст. Ён паходзіў з хрысціянскай палестынскай сям’і і займаў высокую вайсковую пасаду. Пасля смерці маці, атрымаў багатую спадчыну, якую раздаў бедным. У перыяд пераследу хрысціян імператарам Дыяклетыянам не адрокся ад сваёй веры, за што, пасля доўгіх катаванняў, быў забіты. Гэта адбылося 23 красавіка 303 г. Культ св. Юрыя з таго часу распаўсюдзіўся па ўсім хрысціянскім свеце.

Францішак быў ахрышчаны як Хорхэ Марыё, праз восем дзён пасля свайго нараджэння, 25 снежня 1936 года, у парафіяльным касцёле св. Карла Барамеа, на ўскраіне Буэнас-Айрэса, дзе пражывалі яго бацькі. Сакрамэнт хросту яму удзяліў італьянскі святар-салезіянін, кс. Энрыка Пацолі, які затым адыграў важную ролю ў духоўным станаўленні будучага Пантыфіка. Папа называў яго “па-сапраўднаму святым” і “прыкладам касцёльнага служэння і манаскага пасвячэння”.

Навіна ў фармаце аўдыё
23 красавіка 2019, 12:09