Пошук

Папа падчас аўдыенцыі для французскай каталіцкай моладзі Папа падчас аўдыенцыі для французскай каталіцкай моладзі 

Папа: сучасная эпоха для Касцёла не больш складаная, але іншая

Праз моладзь Касцёл абнаўляецца і становіцца маладзейшым, адзначыў Папа падчас сустрэчы з юнакамі і дзяўчатамі з французскай дыяцэзіі Эра і Дакса, якіх 25 красавіка 2019 г. прыняў у Ватыкане.

Святы Айцец звярнуўся да сваіх маладых гасцей з прамовай, у якой падкрэсліў значэнне іх пілігрымкі ў Вечны горад.

“Гэта цудоўная нагода, каб распаліць у вас дар веры, тут у Рыме, ля апосталаў Пятра і Паўла і ўсіх тых сведкаў, сярод якіх шмат маладых людзей, якія прынялі мучаніцтва, таму што вырашылі застацца вернымі Езусу Хрысту. Гэта вельмі важна, бо многія людзі лічаць, што сёння яшчэ складаней называць сябе хрысціянамі і жыць верай у Хрыста. Вы, дакладна, ведаеце пра гэтыя цяжкасці, якія часам становяцца выпрабаваннямі”, - сказаў Папа.

Паводле Францішка, сучасная сітуацыя вернікаў з’яўляецца нялёгкай, у тым ліку па прычыне сексуальных злоўжыванняў некаторых членаў Касцёла.

“Але я хачу паўтарыць вам, што сёння не складаней, чым у іншыя эпохі Касцёла; а толькі інакш. Таму, выкарыстайце гэтую пілігрымку, каб нанова адкрыць для сябе, што Касцёл, членамі якога вы з’яўляецеся, “крочыць ужо дзве тысячы гадоў, падзяляючы радасці і надзеі, смутак і трывогі людзей”. І крочыць такім, які ёсць, не звяртаючыся да эстэтычнай хірургіі. Сапраўды, гледзячы на вас, я бачу дзейнасць Пана Езуса, Які ніколі не пакідае свой Касцёл і дазваляе яму, дзякуючы вашай маладосці, вашаму энтузіязму і талентам, якія Ён вам даручыў, абнаўляцца і станавіцца маладзейшым у розныя фазы сваёй доўгай гісторыі”, - дадаў Папа.

Рэпартаж з аўдыенцыі для маладых французскіх католікаў

Францішак заклікаў юнакоў і дзяўчат заставацца паяднанымі з Хрыстом праз слуханне Божага слова, прыняцце сакрамэнтаў, братэрскае жыццё і служэнне іншым.

“Будзьце заўсёды будаўнікамі мастоў паміж людзьмі, дапамагайце пашырацца культуры сустрэчы і дыялогу, каб спрыяць надыходу сапраўднага міжчалавечага братэрства. Праз сваю ўвагу да малых і бедных вы можаце запаліць зоркі ў ночы тых, хто перажывае рознага роду выпрабаванні. (...) Я разлічваю на вас. Касцёл патрабуе вашага запалу, вашай інтуіцыі, вашай веры, вашай адвагі!”, - сказаў Папа маладым французскім вернікам.

Навіна ў фармаце аўдыё
25 красавіка 2019, 12:08