Пошук

Папа падчас сустрэчы з вернікамі на марыйнай малітве ў Ватыкане Папа падчас сустрэчы з вернікамі на марыйнай малітве ў Ватыкане 

Папа перад “Regina Coeli”: святло Пасхі праганяе страх і смутак

Дазволім, каб суцяшаючае пасланне Пасхі дасягнула нас і агарнула сваім хвалебным святлом, якое праганяе цемру страху і смутку, заклікаў Папа перад малітвай “Regina Coeli” 22 красавіка 2019 г. у Ватыкане.

Прапануем поўны тэкст прамовы Святога Айца:

“Сёння, і на працягу ўсяго гэтага тыдня, у літургіі, а таксама ў жыцці, прадаўжаецца пасхальная радасць уваскрасення Езуса, цудоўную падзею якога мы ўзгадвалі ўчора. У Пасхальную вігілію прагучалі словы, прамоўленыя анёлам побач з пустой магілай Хрыста. Жанчынам, што прыбеглі да магілы на світанку першага дня пасля суботы, ён сказаў: “Чаму вы шукаеце жывога сярод мёртвых? Яго тут няма; Ён уваскрос” (Лк 24,5-6).

“[Уваскрасенне Хрыста з’яўляецца самай надзвычайнай падзеяй у гісторыі чалавецтва, якое пацвярджае перамогу Божай любові над грахом і смерцю і дорыць нашай надзеі жыцця фундамент, моцны як скала. Адбылося тое, што для людзей было неймаверна: “Езуса з Назарэту […] Бог уваскрасіў, вызваліўшы ад мукаў смерці” (Дз 2,22.24).]”

У гэты панядзелак Анёла, літургія, з дапамогай Евангелля св. Мацвея (пар. 28,8-15), прыводзіць нас на пустой магілы Езуса. Нам будзе карысна ў думках пайсці да пустой магілы Езуса. Жанчыны, поўныя страху і радасці, хутка пабеглі, каб прынесі вучням навіну пра тое, што магіла была пустой; і ў гэты момант Езус выйшаў насустрач ім. Яны, “падышоўшы, абнялі ногі Ягоныя і пакланіліся Яму” (Мц 28,9). Дакрануліся да Яго: бо гэта не была здань, але жывы Езус, Які меў цела, гэта быў Ён. Езус прагнаў страх з іх сэрцаў і яшчэ больш заахвоціў абвяшчаць братам тое, што адбылося. Усе Евангеллі падкрэсліваюць ролю жанчын, Марыі Магдалены і іншых, як першых сведак уваскрасення. Мужчыны, запалоханыя, былі закрытымі ў вячэрніку. Пётр і Ян, папярэджаныя Магдаленай, зрабілі толькі кароткую вылазку, падчас якой ўпэўніліся, што магіла была адкрытай і пустой. Але менавіта жанчыны першымі сустрэлі Уваскрослага і абвясцілі, што Ён – жывы.

Сёння, дарагія браты і сёстры, таксама для нас гучаць словы Езуса, скіраваныя да жанчын: “Не бойцеся. Ідзіце, паведаміце...” (Мц 28,10).

“[Пасля абрадаў Пасхальнага трыдуума, якія дапамаглі нам перажыць таямніцу смерці і ўваскрасення нашага Пана, зараз, вачыма веры, мы сузіраем Яго ўваскрослым і жывым. Таксама і мы пакліканы сустрэць Яго асабіста і стаць Яго вястунамі і сведкамі.]”

Следам за старажытнай пасхальнай літургічнай секвенцыяй мы паўтараем у гэтыя дні: “Хрыстус, мая надзея, уваскрос!”. А ў Ім уваскрэслі таксама і мы, пераходзячы ад смерці да жыцця, ад няволі граху да свабоды любові. Дазволім, каб нас дасягнула суцяшаючае пасланне Пасхі і агарнула сваім хвалебным святлом, якое праганяе цемру страху і смутку. Уваскрослы Езус крочыць побач з намі. Ён аб’яўляецца тым, хто ўсклікае да Яго і любіць Яго. У першую чаргу ў малітве, але таксама ў простых радасцях, якія перажываюцца з верай і ўдзячнасцю.

“[Мы можам адчуваць Яго прысутнасць таксама дзелячыся хвілінамі сардэчнасці, адкрытасці, сяброўства, сузірання прыроды. Няхай гэты святочны дзень, для якога звычна цешыцца невялікім адпачынкам і бескарыслівасцю, дапаможа нам спазнаць прысутнасць Езуса.]”

Папросім Панну Марыю аб магчымасці зачарпнуць поўныя далоні міру і спакою, дароў Уваскрослага, каб падзяліцца імі з братамі, асабліва з тымі, хто найбольш патрабуе суцяшэння і надзеі”.

Завяршаючы сваю нядзельную сустрэчу з вернікамі, Францішак, як заўсёды, папрасіў іх маліцца за яго служэнне.

Рэпартаж з плошчы св. Пятра ў Ватыкане
Навіна ў фармаце аўдыё
22 красавіка 2019, 12:13