Cerca

Vatican News
Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота  (©yupachingping - stock.adobe.com)

Папа: не дапусціць ператварэння чалавека ў тавар

Францішак прыняў на аўдыенцыі ўдзельнікаў Міжнароднай канферэнцыі супраць гандлю людзьмі. Яна прайшла 8-11 красавіка 2019 г. па ініцыятыве Дыкастэрыі па служэнні інтэгральнаму развіццю чалавека.

У форуме прымалі ўдзел каля 200 біскупаў, святароў, кансэкраваных асоб, каардынатараў праваабарончых праектаў, прадстаўнікоў каталіцкіх арганізацыі і экспертаў з розных частак свету. Мэтай было абмеркаванне канкрэтных ініцыятыў па рэалізацыі душпастырскіх прынцыпаў у кантэксце праблемы гандлю людзьмі.

У прамове Папа зазначыў, што гандаль людзьмі ў яго розных формах з’яўляецца глыбокай ранай на целе сучаснага чалавецтва – ранай, звязанай не толькі з пазбаўленнем ахвяры яе свабоды і годнасці, але і стратай чалавечых якасцей тым, хто чыніць гэта злачынства. Ператварэнне чалавека ў тавар – гэта ўдар па яго фундаментальным вымярэнні і пакліканні да свабоды і годнасці. Менавіта па гэтай прычыне, на думку Францішка, гандаль людзьмі павінен быць прызнаны злачынствам супраць чалавечнасці.

Пантыфік заўважыў, што вяртанне і падтрымка чалавечнасці адпавядае місіі Касцёла, які працягвае збаўчую місію Хрыста. “Гэта барацьба і высілкі маюць станоўчы ўплыў таксама на нашу чалавечнасць, бо вучаць нас шляхам, што вядуць да паўнаты жыцця, галоўнай мэты нашага існавання”, - падкрэсліў ён.

Святы Айцец падзякаваў удзельнікам канферэнцыі за шматлікія ініцыятывы, накіраваныя на прадухіленне гандлю людзьмі, абарону ахвяр і прыцягненне да адказнасці вінаватых, што з’яўляецца знакам канкрэтнай працы Касцёла ў дадзенай сферы. У авангардзе такіх ініцыятыў стаяць шматлікія манаскія супольнасці, заўважыў Папа.

Паводле Францішка, для барацьбы з гандлем людзьмі ў наш час робіцца шмат, але таксама шмат яшчэ трэба зрабіць. Ён заклікаў касцёльныя ўстановы да абмену вопытам, аб’яднання намаганняў, узгодненых дзеянняў і супрацоўніцтва з грамадскімі структурамі і арганізацыямі.

Навіна ў фармаце аўдыё
11 красавіка 2019, 14:52