Пошук

Vatican News
Папа Францішак. Ілюстратыўнае фота Папа Францішак. Ілюстратыўнае фота  (AFP or licensors)

Папа ў інтэрв’ю іспанскаму тэлеканалу пра мігрантаў і капіталізм

Сітуацыя мігрантаў і гасціннасць краін, беднасць і капіталізм, крызіс у Венесуэле: некаторыя тэмы інтэрв’ю Францішка іспанскаму тэлеканалу “La Sexta”. Яно выйшла ў эфір вечарам 31 сакавіка 2019 г.

Адно з першых пытанняў датычылася адносін Святога Айца да медыя. Пантыфік заўважыў, што сацыяльныя сеткі могуць быць як “благаслаўленнем”, так і “крыніцай адчужэння” ці “простай навальніцай неаб’ектыўных навін”.

Каментуючы міграцыйны крызіс, які ўжо прывёў да гібелі больш чым 35 тыс. чалавек у Міжземным моры, Папа прызнаўся, што яго глыбока засмучае гэта праблема. “Не разумею неадчувальнасці, не разумею несправядлівасці – несправядлівасці вайны, несправядлівасці голаду, несправядлівасці эксплуатацыі, – якая прымушае людзей эміграваць у пошуку лепшай долі, не разумею несправядлівасці тых, хто зачыняе перад імі дзверы”, - сказаў Францішак.

Пантыфік нагадаў, што Еўропа заўсёды прымала іншаземцаў. Ён дадаў, што сёння “Маці Еўропа” стала “бабуляй” і забылася пра тое, як пасля Другой сусветнай вайны яе дзеці самі “ехалі і стукаліся ў дзверы Амерыкі”.

Гаворачы пра капіталізм, як адну з галоўных прычын беднасці і міграцыі на планеце, Святы Айцец падкрэсліў, што больш эфектыўнай эканамічнай мадэллю будзе “сацыяльная рынкавая эканоміка”.

Францішак крытычна ставіцца да таго, што СМІ замоўчваюць некаторыя буйныя канфлікты і складаную гуманітарную сітуацыю ў розных краінах свету. Ён звярнуў увагу на сітуацыю каля 700 тыс. бежанцаў рахінджа ў Бангладэш і дзіцячы голад у Емене, пра якія амаль ніхто не кажа.

Каментуючы крызіс у Венесуэле, Папа распавёў, што Святы Пасад неаднаразова спрабаваў быць пасрэднікам, у тым ліку неафіцыйна. Гэта “крыху дапамагло”, але не прывяло да вырашэння сітуацыі.

Гаворачы пра сітуацыю з сексуальнымі злоўжываннямі ў Касцёле, Францішак звярнуў увагу на фундаментальную важнасць “культуры празрыстасці”. Там дзе існуе ўтойванне такіх злачынстваў, яны пашыраюцца, перакананы ён.

Падчас інтэрв’ю Папа падкрэсліў важнасць абароны годнасці жанчын. Каментуючы сітуацыю жанчыны, якая зацяжарыла ў выніку згвалтавання, ён сказаў: “Я разумею яе роспач, але ведаю таксама, што нельга знішчаць чалавечае жыццё, каб вырашыць праблему”.

Навіна ў фармаце аўдыё
02 красавіка 2019, 13:45