Папа і кароль Марока падчас падпісання дэкларацыі аб Іерусаліме Папа і кароль Марока падчас падпісання дэкларацыі аб Іерусаліме 

Папа і кароль Марока падпісалі зварот аб Іерусаліме

Папа Францішак і кароль Марока Мухамед VI падпісалі сумесны зварот, у якім заклікалі, каб Іерусалім заставаўся месцам сустрэчы і мірнага суіснавання для прадстаўнікоў усіх рэлігій.

Урачыстая цырымонія адбылася 30 сакавіка 2019 г. падчас візіту Святога Айца ў Каралеўскі палац у Рабаце. Бакі падпісалі дэкларацыю, “прызнаючы выключны і сакральны характар Іерусаліма, маючы ў сэрцы яго духоўнае значэнне і асаблівае пакліканне, як Гораду міру”.

“Мы лічым, што важна захаваць Святы горад Іерусалім як супольную спадчыну чалавецтва і, асабліва, вернікаў трох монатэістычных рэлігій, як месца сустрэчы і сімвал мірнага суіснавання, у якім падтрымліваюцца ўзаемная павага і дыялог”, - гаворыцца ў звароце Францішка і Мухамеда VI.

Бакі заклікалі бараніць і падтрымліваць шматрэлігійны характар, духоўнае вымярэнне і ўнікальную культурную тоеснасць Іерусаліма. Яны выказалі надзею на тое, што ў Святым горадзе будзе гарантавана адкрытасць для вызнаўцаў усіх трох монатэістычных рэлігій, а таксама права на практыкаванне сваёй веры, каб у Іерусаліме “ўзносілася малітва вернікаў, за мірную будучыню і братэрства на зямлі”.

Навіна ў фармаце аўдыё


 

01 красавіка 2019, 14:38