Пошук

Vatican News
Францішак падчас візіту ў рымскую парафію св. Юлія Францішак падчас візіту ў рымскую парафію св. Юлія  (Vatican Media)

Пантыфік у рымскай парафіі: не баяцца сумненняў

Не баяцца сумнявацца, заклікаў Папа падчас візіту ў рымскую парафію св. Юлія. Ён цэлебраваў там першую за апошнія тры гады Эўхарыстыю. Менавіта столькі храм знаходзіўся на рэканструкцыі.

Францішак сустрэўся спачатку з хворымі, а затым з дзецьмі, якія хутка прымуць Першую св. Камунію, моладдзю, што рыхтуецца да сакрамэнту канфірмацыі, і маладажонамі. Таксама ён правёў сустрэчу з беднымі і бяздомнымі – падапечнымі парафіяльнай “Caritas”. Перад св. Імшой паспавядаў некалькіх парафіянаў.

Падчас сустрэчы з дзецьмі і моладдзю, адказваючы на іх пытанні, Папа прызнаўся, што меў сумневы ў веры, асабліва ў складаных сітуацыях. Ён заклікаў не баяцца сумнявацца, але дзяліцца сваімі сумневамі з іншымі людзьмі, казаць пра іх, і дзякуючы гэтаму духоўна расці. Трэба дзяліцца імі з Езусам, памятаючы, што нават пазлавацца і выплакацца перад Ім – гэта форма малітвы.

Рэпартаж з парафіі св. Юлія

Францішак таксама звярнуў увагу на абавязак дапамагаць людзям уставаць пасля падзення ў грэх. “Адзіным выпадкам, калі мы можам глядзець на чалавека зверху, гэта момант нашай дапамогі яму ўстаць”, - сказаў ён.

Падчас Эўхарыстыі Пантыфік не прамовіў гаміліі. Замест яе пасля Евангелля было некалькі хвілін для асабістай рэфлексіі. Перад пачаткам Эўхарыстычнай Літургіі Святы Айцец кансэкраваў галоўны алтар рэстаўраванага касцёла.

Гэта была 20-я парафія Рымскай дыяцэзіі, якую Францішак наведаў з сакавіка 2013 г. – з пачатку свайго пантыфікату.

Навіна ў фармаце аўдыё
08 красавіка 2019, 11:21