Папа падчас агульнай аўдыенцыі Папа падчас агульнай аўдыенцыі 

Пантыфік падзяліўся ўражаннямі ад візіту ў Марока

Апостальскае падарожжа ў Марока, якое праходзіла 30-31 сакавіка 2019 г., было галоўнай тэмай агульнай аўдыенцыі. Яна адбылася 3 красавіка 2019 г. на плошчы св. Пятра ў Ватыкане.

Францішак падзякаваў каралю Марока Мухамеду VI і прадстаўнікам мясцовых уладаў за цёплы прыём і супрацоўніцтва, а таксама скіраваў падзяку Богу, Які дазволіў яму “зрабіць яшчэ адзін крок на шляху дыялогу і сустрэчы з мусульманскімі братамі і сёстрамі”, застаючыся “слугой надзеі” у сучасным свеце”.

Папа нагадаў, што хрысціяне і мусульмане з’яўляюцца нашчадкамі Абрагама і Бог дазволіў, каб існавалі розныя рэлігіі, што тэолагі-схаласты называлі voluntas permissivia Dei – дазваляючая воля Божая. Важна, паводле Францішка, каб паміж вызнаўцамі розных рэлігій было братэрства, асабліва паміж сынамі Абрагама.

“[Мы не павінны палохацца адметнасцей: Бог дазволіў, каб яны былі. Мы павінны баяцца невыканання братэрскай працы, адмовы ад крочання па жыцці разам]”

, - заўважыў Францішак.

“Служыць надзеі ў такі час, як наш, значыць, у першую чаргу, наводзіць масты паміж цывілізацыямі. Мне было вельмі прыемна і ганарова зрабіць гэта з высакародным Каралеўствам Марока, сустракаючы яго народ і кіраўніцтва. Узгадваючы пра некаторыя важныя міжнародныя сустрэчы, якія на працягу апошніх гадоў прайшлі ў гэтай краіне, разам з каралём Мухамедам VI мы падкрэслілі фундаментальную ролю рэлігій для абароны чалавечай годнасці і спрыяння міру, справядлівасці і клопату пра стварэнне, наш агульны дом”, - сказаў Папа.

“[У гэтай перспектыве мы таксама падпісалі Зварот аб Іерусаліме, каб Святы Горад заставаўся спадчынай чалавецтва і месцам мірнай сустрэчы, асабліва для вернікаў трох монатэістычных рэлігій]”

, - дадаў ён.

Святы Айцец нагадаў, што наведаў Маўзалей караля Мухамеда V, а таксама Інстытут Мухамеда VI, у якім праходзяць навучанне будучыя імамы, прапаведнікі і прапаведніцы. “Гэты Інстытут спрыяе таму ісламу, які з павагай ставіцца да іншых рэлігій і не прымае насілля і інтэгралізму”, - падкрэсліў Пантыфік.

Францішак заўважыў, што падчас падарожжа асаблівую ўвагу прысвяціў міграцыйнаму пытанню. Мігранты сведчылі, што іх жыццё змяняецца і зноў становіцца чалавечым, калі яны знаходзяць грамадства, у якім іх прымаюць як людзей. “Гэта – фундаментальна”, - падкрэсліў Святы Айцец.

“Менавіта ў мараканскім Маракеш у снежні мінулага года была ратыфікавана Сусветная дамова па бяспечнай, упарадкаванай і рэгуляванай міграцыі. Гэта важны крок да прыняцця адказнасці з боку міжнароднай супольнасці. Як Апостальская Сталіца, мы зрабілі наш унёсак, які абагульняецца ў чатырох словах: прымаць мігрантаў, бараніць мігрантаў, падтрымліваць мігрантаў і інтэграваць мігрантаў”, - заўважыў Папа.

“[Гаворка ідзе не пра тое, каб зверху спускаць праграмы дапамогі, але каб разам крочыць праз гэтыя чатыры жэсты, каб будаваць гарады і краіны, якія, захоўваючы сваю адпаведную культурную і рэлігійную тоеснасць, будуць адкрытымі на адметнасці і здольнымі цаніць іх, на знак чалавечага братэрства]”

, - дадаў ён.

Францішак заклікаў з павагай адносіцца да мігрантаў, заўсёды памятаючы, што за гэтым словам стаяць рэальныя асобы. Ён заўважыў, што Каталіцкі Касцёл у Марока вельмі актыўны ў аказанні блізкасці мігрантам і падзякаваў тым, хто прысвячае сябе служэнню гэтым людзям, спаўняючы словы Хрыста: “Быў падарожным, і вы прынялі Мяне”.

Нядзеля, 31 сакавіка, была прысвечана мараканскай каталіцкай супольнасці. У першую чаргу, Папа наведаў каталіцкі сельскі сацыяльны цэнтр, які аказвае вялікую падтрымку мясцоваму насельніцтву, а затым адбылася яго сустрэча з мясцовым духавенствам і кансэкраванымі асобамі.

“[У Марока малы статак, таму я ўзгадаў пра евангельскія вобразы солі, святла і закваскі. Важная не колькасць, а тое, каб соль была салёнай, каб святло – свяціла, каб закваска магла дапамагчы падняцца ўсяму цесту]”

, - сцвердзіў Пантыфік.

“Гэта паходзіць не ад нас, але ад Бога, ад Святога Духа, Які робіць нас сведкамі Хрыста там, дзе знаходзімся, у духу дыялогу і сяброўства, ад хрысціянскага жыцця, у першую чаргу, паміж намі, бо – як кажа Езус, – “па гэтым усе пазнаюць, што вы Мае вучні, калі будзеце мець любоў адзін да аднаго”, - нагадаў ён.

Кульмінацыйным момантам падарожжа была нядзельная св. Імша, у якой прынялі ўдзел прадстаўнікі каля 60 нацыянальнасцей. Францішак назваў гэту падзею “эпіфаніяй Божага народа ў сэрцы ісламскай краіны”.

“Прыпавесць пра Міласэрнага Айца дапамагла заззяць паміж намі прыгажосці задумы Бога, Які хоча, каб усе яго дзеці прынялі ўдзел у Яго радасці, у свяце прабачэння і прымірэння. На гэта свята ўваходзяць тыя, хто здольны прызнацца, што патрабуе міласэрнасці Айца і ўмее радавацца з Ім, калі брат ці сястра вяртаецца дамоў. Не выпадкова, што там, дзе мусульмане штодзённа ўсклікаюць да Літасцівага і Міласэрнага, прагучала прыпавесць пра міласэрнасць Айца. Гэта так: толькі тыя, хто нарадзіўся нанова і жыве ў абдымках гэтага Айца, толькі тыя, хто адчувае сябе братамі, могуць быць у свеце слугамі надзеі”, - завяршыў сваю катэхезу Папа.

На заканчэнне агульнай аўдыенцыі, Францішак прывітаў групы вернікаў з розных краін свету і ўдзяліў сваё благаслаўленне.

Рэпартаж з агульнай аўдыенцыі на плошчы св. Пятра
Навіна ў фармаце аўдыё
03 красавіка 2019, 11:43