Cerca

Vatican News
Ілюстратыўнае фота Ілюстратыўнае фота 

Пантыфік да глухіх: голас Бога можна пачуць у сэрцы

Голас Бога гучыць у сэрцы кожнага чалавека і ўсе могуць яго пачуць, зазначыў Папа падчас аўдыенцыі для членаў Італьянскай федэрацыі асацыяцый глухіх, якіх прыняў 25 красавіка 2019 г. у Ватыкане.

Святы Айцец высока ацаніў дзейнасць аб’яднання, якое кідае “выклік культуры адчужэння, спрыяючы большай інклюзіўнасці ў розных асяроддзях”.

“Такая праца з’яўляецца неабходнай, каб забяспечыць лепшую якасць жыцця глухім асобам і ўзяць верх над гэтай формай інваліднасці, раскрываючы патэнцыял усіх яе вымярэнняў, уключаючы духоўнае, у святле цэласнага бачання чалавека”, - сказаў Папа.

Францішак заўважыў, што ўразлівасць, якая непазбежна пазначае жыццё глухіх людзей, можна прымацца пазітыўным чынам.

“Тое, што нядобра, гэта калі на іх, як на многіх іншых людзей з адметнымі магчымасцямі і іх сем’і, часта глядзяць з прадузятасцю, часам нават у хрысціянскіх супольнасцях”

, - дадаў ён.

“Гарады, мястэчкі і парафіі, з іх адмысловымі ўстановамі, пакліканы ўсё больш і больш пераўзыходзіць бар’еры, што не дазваляюць заўважаць патэнцыял вашай актыўнай прысутнасці, бачачы далей за вашу нястачу. Вы вучыце нас, што толькі прымаючы абмежаванне і ўразлівасць можна быць будаўнікамі – разам з кіраўнікамі і ўсімі членамі грамадзянскай і касцёльнай супольнасці – культуры сустрэчы, насуперак распаўсюджанай абыякавасці. Так можна палепшыць грамадства і супольнасць і даць таксама глухім асобам паўнату існавання, якая ахоплівае ўсе аспекты жыцця на яго розных фазах”, - падкрэсліў Пантыфік.

Паводле Святога Айца, сёння глухія як ніколі з’яўляюцца дарам у Касцёле. Яны пакліканы быць місійнымі вучнямі і прымаць удзел, згодна са сваімі магчымасцямі, у душпастырскай і евангелізацыйнай дзейнасці.

“Божая прысутнасць усведамляецца не праз вушы, але праз веру; таму заклікаю вас ажывіць вашу веру, каб усё больш і больш адчуваць блізкасць Бога, голас якога гучыць у сэрцы кожнага чалавека і ўсе яго могуць пачуць. Так вы зможаце дапамагчы тым, хто не “чуе” голасу Бога быць больш уважлівымі да яго. Гэта важны ўнёсак, які глухія асобы могуць зрабіць для жыццёвай сілы Касцёла”, - падкрэсліў Пантыфік.

Рэпартаж з аўдыенцыі для Федэрацыі асацыяцый глухіх
Навіна ў фармаце аўдыё
25 красавіка 2019, 13:05