Пошук

Vatican News
Мігранты ў мексіканскім Іхтэпэк. Ілюстрацыйнае фота Мігранты ў мексіканскім Іхтэпэк. Ілюстрацыйнае фота  (ANSA)

Міласціна Святога Пятра: Папа падтрымаў мігрантаў у Мексіцы

Пантыфік ахвяраваў 500 тыс. долараў з дабрачыннага фонду, вядомага пад назвамі “Міласціна Святога Пятра” або “Грош Святога Пятра”, на падтрымку і аказанне дапамогі мігрантам у Мексіцы.

Сродкі будуць размеркаваныя паміж 19 дыяцэзіямі і манаскімі кангрэгацыямі Мексікі, якія рэалізуюць у агульнай колькасці 27 гуманітарных праектаў: менавіта гэтыя структуры папрасілі аб дапамозе, каб магчы працягваць забяспечваць бежанцаў начлегам, ежай і рэчамі першай неабходнасці.

“На працягу апошніх месяцаў тысячы мігрантаў прыбылі ў Мексіку з Гандураса, Рэспублікі Сальвадор і Гватэмалы, пераадолеўшы больш за 4 тыс. км пешшу або на перакладных. Мужчыны і жанчыны, часта з маленькімі дзецьмі, уцякаюць ад галечы і насілля, спадзеючыся на лепшую будучыню ў Злучаных Штатах. Але амерыканская мяжа застаецца для іх замкнёнай”, - гаворыцца ў паведамленні.

Мясцовы Касцёл прыкладае вялікія намаганні для забеспячэння бежанцаў самым неабходным, аднак маштабы праблемы патрабуюць дапамогі. Пры гэтым падкрэсліваецца, што, нягледзячы на рост колькасці мігрантаў, якая ў Мексіцы за 2018 г. склала больш за 75 тыс. чалавек, дапамога на іх утрыманне з боку дзяржаўных улад і прыватных арганізацый істотна скарацілася.

Паведамляецца, што з 27 узгаданых праектаў 13 ужо прызнаныя годнымі для атрымання грашовай дапамогі, астатнія 14 яшчэ павінны прайсці адпаведную праверку.

“Міласціна Святога Пятра” – гэта ініцыятыва, якая прадугледжвае збор сродкаў на падтрымку папскай дабрачыннай дзейнасці. Яна існуе з 1871 г., калі Пій IX афіцыйна зацвердзіў яе энцыклікай “Saepe Venerabilis”. Збор сродкаў рэалізуецца ва ўсім каталіцкім свеце 29 чэрвеня ці ў бліжэйшую да ўрачыстасці святых Пятра і Паўла нядзелю. Сродкі фонду накіроўваюцца на дапамогу найбольш патрабуючым, ахвярам пераследу за веру, бежанцам ад войнаў і голаду, мігрантам, пацярпелым ад прыродных катаклізмаў.

Навіна ў фармаце аўдыё
27 красавіка 2019, 13:15