Папа Францішак. Ілюстратыўнае фота Папа Францішак. Ілюстратыўнае фота 

Францішак да моладзі: смартфон можа ператварыцца ў наркотык

Смартфон не павінен ператварацца ў наркотык, падкрэсліў Францішак падчас сустрэчы з навучэнцамі рымскага ліцэя “Visconti”, якая адбылася 13 красавіка 2019 г. у Ватыкане.

Папа нагадаў, што выпускніком гэтай навучальнай установы быў папа Пій ХІІ, а таксама лаўрэат Нобелеўскай прэміі па эканоміцы Франка Мадзільяні. Ён заклікаў юнакоў і дзяўчат мець прагу ведаў і культуры. Адукацыя, паводле яго, павінна спрыяць інклюзіўнасці, павазе да адметнасцей і дыялогу паміж культурамі. Пантыфік зазначыў, што каштоўнасць братэрства грунтуецца на свабодзе, а “калі няма свабоды, няма адукацыі, няма будучыні”.

Святы Айцец рэкамендаваў моладзі не баяцца цішыні, у якой можна пачуць голас сумлення. У гэтым кантэксце важна не трапляць у залежнасць ад гаджэтаў. Смартфоны могуць вельмі карыснымі для камунікацыі, але таксама могуць стаць сапраўдным наркотыкам, які “звядзе камунікацыю да простых кантактаў”. “Жыццё не для таго, каб кантактаваць, але каб камунікаваць”, - падкрэсліў ён.

Папа заклікаў юнакоў і дзяўчат з любоўю ставіцца да бедных, марыць пра вялікае, жадаць лепшага свету і не задавальняцца павярхоўнасцю ва ўзаемных адносінах.

Рэпартаж з аўдыенцыі для навучэнцаў рымскага ліцэя
Навіна ў фармаце аўдыё
13 красавіка 2019, 15:14