Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Адгартацыя “Christus vivit” – хартыя душпастырства моладзі

“Хартыяй душпастырства моладзі і пакліканняў” назваў новую Апостальскую адгартацыю Францішка “Christus vivit” Генеральны сакратар Сінода Біскупаў. 2 красавіка 2019 г. у Ватыкане прайшла яе прэзентацыя.

Кардынал Ларэнца Балдзісэры заўважыў, што ў тэксце гучыць ясны заклік да супольнасці Касцёла, прыкласці ўсе намаганні да змены сітуацыі моладзі ў сучасным свеце.

Адгартацыя складаецца з 299 пунктаў, сабраных у дзевяці раздзелах. Дакумент, хоць і шырокі па змесце, вельмі дынамічны па сваёй структуры, падзяліўся меркаваннем іерарх.

Першы раздзел пачынаецца з пытання: “Што кажа Божае слова пра моладзь?”. Адказваючы на яго, Пантыфік шырока цытуе Стары і Новы Запаветы. Ён звяртае ўвагу на тое, што “Езус заўсёды малады” – так называецца другі раздзел. Гэта маладосць перадаецца Касцёлу, сведчаннем чаму з’яўляюцца святыя, сярод якіх першае месца займае Дзева Марыя.

У трэцім раздзеле, названым “Вы — гэта „цяпер“ Бога”, гучыць своеасаблівы заклік Святога Айца да сучаснай моладзі, не паддавацца песімізму, характэрнаму даросламу свету, у тым ліку і ў Касцёле. Тут ён называе праблемы, з якімі сутыкаюцца сённяшнія маладыя людзі: насілле, ідэалагізацыя, маргіналізацыя і сацыяльная ізаляцыя. Асабліва ўважліва Папа разглядае пытанні, звязаныя з целам і сексуальнасцю, што, на яго думку, мае істотнае значэнне для фарміравання тоеснасці. Не застаюцца без увагі і праблемы лічбавай культуры і моладзевай міграцыі, а таксама насілля, учыненага, у прыватнасці, людзьмі Касцёла.

У чацвёртым раздзеле Адгартацыі гучыць “Вялікае абвяшчэнне для ўсёй моладзі” – гэта яго назва, – а менавіта хрысціянская кэрыгма, якая, на думку Пантыфіка, павінна ажывіць сучасных маладых людзей. Яна заключаецца ў тым, што Бог ёсць любоў, што Ён паслаў Сына Свайго ў свет, каб збавіць нас, што праз Духа Святога працягвае перадаваць жыццё ласкі.

Маладосць – гэта “час мар і выбару”, які характарызуецца “любоўю да жыцця і пошукамі”, заўважыў Францішак у пятым раздзеле Дакумента, які называецца “Шляхі моладзі”. У шостым раздзеле, азагалоўленым “Моладзь з каранямі”, ён звяртаецца да важнай для сябе тэмы: адносін паміж маладым і пажылым пакаленнямі, і робіць гэта на аснове прароцтва з Кнігі Ёэля.

У Сёмым раздзеле Папа дае “каардынаты” для “Душпастырства моладзі”. Яно павінна быць “сінадальным”: прызнаваць дары і харызму маладых людзей, якімі яны могуць узбагаціць супольнасць. Гэта “душпастырская лінія” распаўсюджваецца на навучальныя ўстановы, у першую чаргу школы, а таксама на сферы літургіі, мастацтва і спорту. Францішак заклікае да стварэння сапраўды “папулярнага душпастырства моладзі”, з якога ніхто не будзе выключаны.

Пасля напаміну пра важнасць суправаджэння моладзі кампетэнтнымі дарослымі, апошнія два раздзелы звяртаюць увагу на дзе ключавыя тэмы сінадальнага працэсу: “Пакліканне” і “Распазнанне”. Пакліканне апісваецца, як заклік да сяброўства з Езусам, увасоблены ў місіянерскім служэнні іншым. Гэта звязана як з стварэннем новай сям’і і працай, так і “пакліканем да асаблівага прысвячэння”. Пантыфік узгадвае некаторыя ідэі з Gaudete et Exsultate, настойваючы на фармаванні свядомасці, заснаванай на адносінах з Хрыстом і на мастацтве слухаць і суправаджаць.

Генеральны сакратар Сінода Біскупаў адзначыў, што Францішак чакае ад моладзі разумення паўнаты свайго існавання, нягледзячы на цяперашнія супярэчнасці і цяжкасці, а таксама энтузіязму, які дапаможа абнаўленню Касцёла і свету. Ён звярнуў увагу на “марыйныя рысы” Адгартацыі Christus vivit, што падкрэсліў і сімвалічны жэст Святога Айца, падпісаць дакумент у Ларэта, ва ўрачыстасць Звеставання.

Навіна ў фармаце аўдыё
02 красавіка 2019, 12:59