Пошук

Папа падчас візіту ў рымскую сядзібу "Scholas Occurentes" Папа падчас візіту ў рымскую сядзібу "Scholas Occurentes" 

Святы Айцец: моладзь – гэта сучаснасць Бога

Пантыфік даў старт праекту “Праграміраванне дзеля міра”, які будзе рэалізоўвацца Папскім фондам “Scholas Occurentes”, каб навучыць моладзь асновам інфарматыкі з увагай да пытанняў этыкі і міру.

Падчас цырымоніі інаўгурацыі адукацыйнай ініцыятывы, якая прайшла вечарам 21 сакавіка 2019 г. у рымскім палацы св. Калікста, Папа прыняў удзел у тэлемосце, у ходзе якога паразмаўляў з юнакамі і дзяўчатамі з Панамы, Партугаліі, Румыніі і Італіі.

Святы Айцец заклікаў маладых людзей ствараць сеткі сяброўства і супрацоўніцтва, дзелячыся сваімі кампетэнцыямі, прафесіяналізмам і крэатыўнасцю. Ён пажадаў, каб цэнтры “Scholas Occurentes”, станавіліся месцамі фармавання лідэраў, здольных спрыяць дыялогу, міру і братэрству.

“У гэтыя дні мы бачылі моладзь, якая ў розных гарадах свету выйшла на вуліцы, каб абараніць навакольнае асяроддзе, каб абараніць Зямлю. Моладзь мае надзвычайную сілу і крэатыўнасць”, - заўважыў Папа, спасылаючыся на сусветную забастоўку школьнікаў ў абарону клімата, якая адбылася 15 сакавіка 2019 г.

Паводле Францішка, пратэст – гэта добра, але толькі пратэстаў не дастаткова – трэба будаваць. Працуючы разам на карысць чагосьці добрага, вядома, што можна зрабіць памылкі, але “лепш рабіць памылкі, робячы штосьці, чым рабіць іх, стоячы са складзенымі рукамі”, дадаў ён.

Заклікаючы маладых людзей да актыўнай дзейнасці, Святы Айцец нагадаў, што “моладзь – гэта не будучыня, а сучаснасць. Гэта цяпер і зараз Бога”. Ён пажадаў маладым людзям чэрпаць мудрасць у дыялогу з пажылымі людзьмі, а таксама станавіцца “жывой вадой” для сваіх аднагодак і ўсяго грамадства.

Навіна ў фармаце аўдыё
22 сакавіка 2019, 09:06