Cerca

Vatican News
Папа Францішак падчас агульнай аўдыенцыі Папа Францішак падчас агульнай аўдыенцыі 

Святы Айцец: Божая воля – шукаць і збаўляць тое, што загінула

Божая воля, уцелаўлёная ў Езусе, у тым, каб шукаць і збаўляць тое, што загінула, падкрэсліў Папа падчас агульнай аўдыенцыі, якая 20 сакавіка 2019 г. прайшла на плошчы св. Пятра ў Ватыкане.

Працягваючы цыкл катэхез, прысвечаных малітве “Ойча наш”, Францішак засяродзіў увагу на словах “будзь воля Твая”, якія, паводле яго, павінны прамаўляцца разам з першымі двума малітоўнымі просьбамі: “свяціся імя Тваё” і “прыйдзі валадарства Тваё”, “утвараючы трыпціх”.

Святы Айцец заўважыў, што клопату чалавека пра свет папярэднічае “нястомны клопат Бога пра чалавека і свет”. Ён спаслаўся на евангельскае апавяданне пра грэшніка Закхея, які залез на дрэва, каб убачыць Езуса, не ведаючы, што Бог пачаў шукаць яго значна раней, таму што “Сын Чалавечы прыйшоў знайсці і выратаваць тое, што загінула” (Лк 19,5.10).

“Вось Божая воля, аб спаўненні якой мы молімся. Якой з’яўляецца Божая воля, уцелаўлёная ў Езусе? – Шукаць і збаўляць тое, што загінула. А мы, у малітве, просім, каб Бог у сваіх пошуках дасягнуў добрага выніку, каб споўнілася Яго паўсюдная задума збаўлення, спачатку ў нас, а потым ва ўсім свеце”

, - сказаў Папа.

Францішак зазначыў, што на старонках Бібліі і ў Катэхізісе Каталіцкага Касцёла шмат гаворыцца пра добрую волю Бога ў адносінах да свету. Ён нагадаў таксама словы св. Паўла, які пісаў: “Бог хоча, каб усе людзі былі збаўлены і дайшлі да пазнання праўды” (1 Цім 2,4).

Гэта і ёсць, без цені сумнення, Божая воля: збаўленне чалавека, людзей, кожнага з нас”, менавіта па гэтай прычыне вернікі, калі моляцца “Ойча наш”, не павінны схіляць галовы на падабенства слуг і нявольнікаў. “Бог хоча, каб мы былі свабоднымі, а Яго любоў нас вызваляе”, - заўважыў Пантыфік.

“Ойча наш”, насамрэч, гэта малітва дзяцей, не рабоў, дзяцей, якія ведаюць сэрца свайго айца і ўпэўнены ў яго задуме любові. Гора нам, калі, прамаўляючы гэтыя словы, паціскаем плячыма на знак гатоўнасці да лёсу, які лічым брыдкім і непазбежным. Наадварот, гэта малітва, поўная палкага даверу да Бога, Які хоча для нас дабра, жыцця, збаўлення. Гэта мужная малітва, нават ваяўнічая, таму што ў свеце ёсць шмат, занадта шмат таго, што не адпавядае Божай задуме. Мы ўсе гэта ведаем”, - сказаў Папа.

“Перафразуючы прарока Ісаю, мы можам казаць: “Ойча, тут вайна, злоўжыванні, эксплуатацыя; але мы ведаем, што Ты хочаш нашага дабра, таму ўсклікаем да Цябе: будзь воля Твая! Пане, змяні задумы свету, перакуй мячы на плугі, а дзіды на сярпы, каб ніхто больш не вучыўся ваяваць!”. Бог хоча міру!”

, - дадаў ён.

Святы Айцец падкрэсліў, што “Ойча наш” – гэта малітва, якая распальвае ў нас такую любоў да Божай волі, якую меў Езус, “полымя, якое падштурхоўвае змяняць свет з любоўю”. “Хрысціянін не верыць у непазбежны “лёс”. У веры хрысціян няма выпадковасці: але ёсць збаўленне, якое чакае, каб аб’явіцца ў жыцці кожнага чалавека і споўніцца ў вечнасці. Калі молімся, то робім гэта, бо верым, што Бог можа і хоча перамяніць рэчаіснасць, перамагаючы зло дабром. Гэтаму Богу мае сэнс быць паслухмянымі і давяраць нават у гадзіны самых цяжкіх выпрабаванняў”, - сцвердзіў Францішак.

Такі ж давер да Бога меў Езус, калі маліўся ў Аліўным садзе, просячы: “не Мая воля, а Твая няхай станецца”, падкрэсліў Папа. “Езус быў раздаўлены злом свету, але з даверам кінуўся ў акіян любові Божай волі. Таксама і мучанікі ў сваіх выпрабаваннях шукаюць не смерці, але таго, што ёсць пасля смерці, уваскрасення. З любові Бог можа весці нас па цяжкіх сцежках, можа даць спазнаць раны і балючыя церні, але не пакіне нас ніколі. Ён заўсёды будзе з намі, побач з намі, унутры нас. Для вернікаў гэта больш чым надзея, гэта ўпэўненасць”, - сцвердзіў Пантыфік.

На заканчэнне катэхезы Святы Айцец заклікаў вернікаў разам памаліцца “Ойча наш”, пасля чаго прывітаў групы пілігрымаў з розных краін свету, прысутныя на галоўнай ватыканскай плошчы.

Навіна ў фармаце аўдыё
20 сакавіка 2019, 11:32