Папа: спорт – прастора для місіянерства і асвячэння чалавека
Францішак напісаў прадмову да кнігі “Sport, una lettera alla volta”, прэзентацыя якой адбылася 22 сакавіка 2019 г. у Ватыкане. Выданне ўтрымлівае каля тысячы разважанняў аб каштоўнасці спартыўнай дзейнасці. Іх аўтарамі з’яўляюцца карыстальнікі сацыяльных сетак. Кніга была падрыхтавана італьянскім выдавецтвам “Malcor D’” у супрацоўніцтве з Італьянскай федэрацыяй лёгкай атлетыкі.
“Касцёл бачыць у спорце каштоўную прыладу для інтэгральнага развіцця асобы”, таму ніхто, асабліва дзеці, не павінен быць “пазбаўлены магчымасці займацца спортам у сілу сацыяльных ці эканамічных прычын”, заўважыў Папа. Паводле яго, спорт павінен абараняцца ад “маніпуляцыі і злоўжыванняў камерцыйнага характару”, а таксама ўсяго, што скажае яго сутнасць: ад насілля, ужывання допінгу, жадання перамогі любым коштам.
Святы Айцец звярнуў увагу на каштоўнасць паралімпійскага руху і важнасць прызнання грамадствам надзвычайных здольнасцей няпоўнаспраўных атлетаў. Акрамя таго, прыгажосць і гармонія чалавечага цела, сіла і камандная гульня, дазваляюць спорту перасягнуць выключна фізічны ўзровень і весці людзей на “арэну духа і нават таямніцы”, падкрэсліў Пантыфік.
Падчас прэзентацыі кнігі падкрэслівалася, што Папа цэніць спорт, паколькі ён з’яўляецца прыладай інтэграцыі, сустрэчы, фарміравання, прасторай для місіянерства і асвячэння чалавека.