Пошук

Джорджа Ла Піра Джорджа Ла Піра 

Пантыфік разважае над спадчынай “святога мэра” Фларэнцыі

Лейтматывам медытацый на рэкалекцыях Папы і яго бліжэйшых супрацоўнікаў гучаць думкі італьянскага палітыка і мэра Фларэнцыі ў перыяд з 1951 па 1964 гг. Джорджа Ла Піры.

Італьянскі палітык, педагог, міратворац, рублівы католік і член Трэцяга дамініканскага ордэна – Павел VI называў яго сваім “дарагім сябрам” і чалавекам, “які зрабіў шмат дабра, застаючыся заўсёды верным хрысціянскаму натхненню”, а Ян Павел ІІ – “узорным прыкладам свецкага верніка”.

Джорджа Ла Піра нарадзіўся ў 1904 г. на Сіцыліі, але большую частку свайго жыцця правёў у Фларэнцыі, куды накіраваўся яшчэ падчас вучобы на юрыдычным факультэце Месінскага ўніверсітэта. Ад студэнцкіх гадоў ён спалучаў вучобу з глыбокім малітоўным жыццём, выхаваўчай працай з моладдзю, удзелам у ініцыятывах “Каталіцкай акцыі”, клопатам аб патрабуючых.

У 1934 г. Ла Піра заснаваў дабрачынны гурток “Opera del pane di San Procolo”. Яго члены збіраліся кожную нядзелю на св. Імшы, маліліся разам, дыскутавалі аб міры, справядлівасці і праблемах Касцёла, дапамагалі бедным. Падчас Другой сусветнай вайны аб’яднанне падтрымлівала яўрэяў, палітычных дысідэнтаў, беспрацоўных. Доўгі перыяд Джорджа Ла Піра жыў у дамініканскім кляштары св. Марка – цэнтры духоўнасці, мастацтва і гісторыі Фларэнцыі.

Ла Піра быў вельмі паспяховым у кар’ерным плане: выкладаў рымскае права ў Фларэнтыйскім універсітэце; быў абраны дэпутатам Канстытуцыйнай асамблеі Італьянскай Рэспублікі ад Хрысціянска-дэмакратычнай партыі, дзе прыклаў вялікія намаганні на карысць ўключэння ўзгадкі імя Бога ў новую Канстытуцыю Італіі; абіраўся ў італьянскі парламент; быў падсакратаром Міністэрства працы і сацыяльнай абароны; у перыяд з 1951 па 1964 гг. тройчы станавіўся мэрам Фларэнцыі

Ла Піра марыў, каб гэты горад стаў па-сапраўднаму хрысціянскім, быў прыкладам для ўсяго свету, таму клапаціўся аб існаванні працоўных месцаў, спрыяў актыўнаму гарадскому жыццю, адкрытасці, будаванню жылля для патрабючых, актыўна бараніў жыццё яшчэ ненароджаных дзяцей.

У 1959 г. Джорджа Ла Піра здзейсніў візіт у Маскву і стаў першым заходнім палітыкам, які выступіў перад дэпутатамі Вярхоўнага Савета СССР, якім казаў пра важнасць рэлігіі для жыцця грамадства. З міратворчай місіяй наведваў ЗША і В’етнам, Францыю і Алжыр. Заўсёды спалучаў палітыку і духоўнае жыццё, актыўную дзейнасць і сузіранне.

Ла Піра памёр у 1977 г. Праз дзевяць гадоў у Фларэнцыі афіцыйна распачаўся яго беатыфікацыйны працэс. Уся дакументацыя, якая была сабрана ў яго рамках, ужо знаходзіцца ў ватыканскай Кангрэгацыі па справах кананізацыі.

Навіна ў фармаце аўдыё


 

12 сакавіка 2019, 12:41