Папа Францішак і Вялікі Імам Ахмед Эль Таеб Папа Францішак і Вялікі Імам Ахмед Эль Таеб 

Папа заклікаў хрысціян і мусульман да дыялогу і супрацоўніцтва

Папа пажадаў, каб хрысціяне і мусульмане ніколі не прыбягалі да насілля, асабліва ў імя рэлігіі, а замест гэтага рэалізоўвалі праекты, накіраваныя на дыялог, прымірэнне і супрацоўніцтва.

Святы Айцец скіраваў ліст да кардынала Леанарда Сандры, прэфекта Кангрэгацыі па справах Усходніх Касцёлаў, якога прызначыў сваім спецыяльным легатам на ўрачыстасці з нагоды 800-годдзя гістарычнай сустрэчы св. Францішка Асізскага з султанам Малікам Аль-Камілем. Яны пройдуць 1-3 сакавіка 2019 г. у Егіпце.

Паводле Папы, св. Францішак усім сэрцам разумеў, што ўсе людзі паходзяць ад аднаго Стварыцеля. Ён прагнуў несці паўсюль навіну пра любоў усемагутнага і міласэрнага Бога, Які хоча, каб “усе людзі былі збаўлены і пазналі праўду”. Па гэтай прычыне ён пасылаў сваіх братоў прапаведваць нават сярод сарацынаў, нягледзячы на небяспекі, звязаныя з гэтым.

У 1219 г. св. Францішак сам накіраваўся ў Егіпет, а калі апынуўся перад султанам, сказаў, што “быў прысланы не людзьмі, але Найвышэйшым Богам, каб паказаць яму і яго народу шлях збаўлення і абвяшчаць Евангелле праўды”. “Султан, калі ўбачыў, годны захаплення духоўны запал і цноту Божага чалавека, выслухаў яго”, - прыгадаў Папа.

Святы Айцец заклікаў кардынала Сандры перадаць братэрскае прывітанне ўсім удзельнікам святкавання гэтай гістарычнай падзеі. Ён пажадаў, каб ніхто не паддаваўся спакусе выкарыстання насілля, асабліва ў імя рэлігіі, а замест гэтага рэалізоўваліся праекты, накіраваныя на дыялог, прымірэнне і супрацоўніцтва, плёнам якіх стане братэрскае адзінства, мір і дабро.

З нагоды 800-годдзя сустрэчы св. Францішка з султанам Малікам Аль-Камілем, у лютым 2019 г. Папа наведаў Аб’яднаныя Арабскія Эміраты, дзе, разам з Вялікім імамам Аль-Азхар у Каіры, шэйхам Ахмедам Эль Таебам, падпісаў Дэкларацыю аб братэрстве паміж людзьмі, міры ў свеце і агульным суіснаванні.

Навіна ў фармаце аўдыё
01 сакавіка 2019, 09:40