Cerca

Vatican News
Папа Францішак Папа Францішак  (AFP or licensors)

Папа: любоў, радасць, умеркаванасць – рэцэпт святасці

Любоў, радасць і ўмеркаванасць – тры словы для святасці, заўважыў Пантыфік у прадмове да кнігі разважанняў св. Яна Хрызастома, падрыхтаванай у Ватыканскім выдавецтве з нагоды Вялікага посту.

Айцец Касцёла IV cт. разважае над словамі апостала Паўла, які заклікаў свайго вучня “патроху ўжываць віно”, каб паправіць здароўе (1Цім 5,23).

Звяртаючыся да чытачоў, Папа нагадаў пра глыбокую сувязь паміж усведамленнем чалавекам Божай любові, радасцю і святасцю. Францішак падкрэсліў пры гэтым, што радасць трэба бараніць і ахоўваць як веру, сяброўства, адносіны або іншыя каштоўнасці. Рабіць гэта трэба праз умеркаванасць.

“Радасць Божай любові, улітая ў сэрца Святым Духам, захоўваецца праз умеркаванасць, якая з’яўляецца здольнасцю падпарадкоўваць жаданне прыемнасці і асабістага задавальнення вымярэнню справядлівасці і міжасобасным адносінам”

, - падкрэсліў Папа. Паводле яго, менавіта ўмеркаванасць і радасць дапамагаюць перажыць Вялікі пост у святле Пасхі.

“Чым жа з’яўляецца жыццё Хрыста ў нас, калі не перамогай любові над нашымі страхамі і заклапочанасцю сабой, якая дазваляе нам станавіцца дарам, простым і штодзённым, у малых рэчах для Пана і братоў? Супольнасць, якая захоўвае дробныя дэталі любові, і ў якой яе члены клапоцяцца адно аб адным, ствараючы адкрытую і евангелізацыйную прастору, з’яўляецца месцам прысутнасці Уваскрослага, Які асвячае яе паводле плану Айца”, - нагадаў Папа.

Кніга пад назвай: “Ян Хрызастом. Патроху ўжывай віна: хрысціянская ўмеркаванасць” (Prendi un po’ di vino con moderazione: La sobrietà cristiana), з’явіцца на паліцах ватыканскіх кнігарняў 6 сакавіка 2019 г.

Навіна ў фармаце аўдыё
04 сакавіка 2019, 11:25