Cerca

Vatican News
Папа перад санктуарыем Святога Дома Папа перад санктуарыем Святога Дома  (Vatican Media)

Папа: Ларэта – духоўны полюс душпастырства пакліканняў

Сёння існуе патрэба ў людзях, здольных, як Марыя, прымаць Евангелле цалкам, падкрэсліў Папа ў звароце да вернікаў, якія 25 сакавіка 2019 г. сабраліся перад Папскім санктуарыем Святога Дома ў Ларэта.

Францішак нагадаў, што гэта месца “захоўвае сцены, якія, паводле традыцыі, прыбылі з Назарэта, дзе Панна Марыя прамовіла сваё “так”, стаўшы Маці Езуса”.

У “гэты аазіс цішыні і пабожнасці прыбывае вялікая колькасць людзей з усяго свету, каб чэрпаць сілы і надзею”. Святы Дом – гэта “дом моладзі”, таму што Панна Марыя, “дзяўчына, поўная ласкі, працягвае прамаўляць да новых пакаленняў, суправаджаючы кожнага ў пошуку ўласнага паклікання”, дадаў ён.

Францішак зазначыў, што менавіта па гэтай прычыне вырашыў падпісаць паслясінадальную Апостальскую адгартацыю тут. Ён абвясціў, што дакумент будзе называцца: “Christus vivit” (Хрыстус жыве).

Пантыфік спаслаўся на сённяшнюю ўрачыстасць і падкрэсліў, што ў Звеставанні Пана можна разглядзець “дынаміку паклікання”, якая выражаецца ў трох момантах, характэрных для кастрычніцкага Сінода аб моладзі: слуханне Слова-задумы Бога, распазнанне, рашэнне. “Трэба быць гатовымі і адкрытымі на слуханне і прыняцце голасу Бога, які немагчыма распазнаць пасярод шуму і мітусні”, - адзначыў ён. Калі Марыя пачула, што стане Маці Езуса, яна спыталася ў анёла: “Як станецца гэта?”. Яе згода на ўдзел у збаўчай задуме Бога – гэта адданне ўсяго свайго жыцця Яму і Яго волі.

“Я думаю пра Ларэта, як пра прывілеяванае месца, куды моладзь можа прыходзіць у пошуку ўласнага паклікання, у школу Марыі! Гэта духоўны полюс на службе душпастырства пакліканняў”

, - сцвердзіў Святы Айцец.

Францішак заўважыў таксама, што санктуарый Святога Дома – гэта дом сям’і. “У далікатнай сітуацыі сучаснага свету, сям’я, заснаваная на сужэнстве паміж мужчынам і жанчынай, мае велізарную важнасць і місію. Неабходна адкрыць задуму Бога адносна сям’і, каб падкрэсліць яе веліч і незаменнасць на службе жыццю і грамадству”, - сказаў ён.

Папа назваў ларэтанскі санктуарый “домам хворых”, бо “тут знаходзяць гасціннасць многія людзі, якія пакутуюць фізічна і духоўна, а Маці, з пакалення ў пакаленне, нясе ўсім міласэрнасць Пана”.

“Хвароба раніць сям’ю, а хворыя павінны быць прынятыя ў сям’і. Дом і сям’я – гэта першы лек, якім павінен быць забяспечаны хворы, каб яго любілі, падтрымлівалі, падбадзёрвалі і даглядалі”

, - сказаў Пантыфік.

“Дарагія браты і сёстры! Вам і ўсім, хто звязаны з гэтым санктуарыем, Бог, праз Марыю, даручае місію ў гэты наш час: несці Евангелле міра і жыцця нашым сучаснікам, часта разгубленым, апанаваным зямнымі інтарэсамі, пагружаным у атмасферу духоўнай чэрствасці. Існуе патрэба ў людзях простых і мудрых, пакорных і мужных, бедных і шчодрых. Адным словам, у людзях, якія ў школе Марыі прымаюць Евангелле цалкам у сваё жыццё”, - сказаў Папа на заканчэнне прамовы да вернікаў.

Навіна ў фармаце аўдыё
25 сакавіка 2019, 12:26