Пошук

Папа падчас сустрэчы з духавенствам у Марока Папа падчас сустрэчы з духавенствам у Марока 

Папа да духавенства Марока: будзьце часткай дыялогу збаўлення

Да “экуменізму міласэрнасці” заклікаў папа Францішак каталіцкае духавенства і ўсю хрысціянскую супольнасць Марока, якая ў гэтай краіне з’яўляецца рэлігійнай меншасцю.

31 сакавіка 2019 г., у другі дзень Апостальскага візіту ў Марока, Святы Айцец сустрэўся з мясцовымі святарамі, кансэкраванымі асобамі і прадстаўнікамі Экуменічнай Рады Цэркваў. Сустрэча адбылася ў катэдральным касцёле Рабата.

Звяртаючыся да прысутных, Пантыфік адзначыў, што, хоць хрысціянская супольнасць Марока і нешматлікая, яе місія ад гэтага не губляе сваёй значнасці, бо залежыць не ад колькасці, але ад здольнасці выклікаць “перамены, здзіўленне і спагаду”.

“Шляхі місіі пралягаюць не праз празелітызм, які заўсёды прыводзіць у тупік, але праз наш спосаб быцця з Езусам і з іншымі”, - падкрэсліў Папа. Па яго словах, сапраўдная праблема – зрабіцца “соллю, якая больш не мае смаку Евангелля, святлом, якое больш нічога не асвятляе”.

“Быць хрысціянінам не значыць належыць да пэўнага вучэння, святыні або этнічнай групы. Быць хрысціянінам – гэта сустрэча (…), усведамленне таго, што цябе прабачылі і запрасілі чыніць так, як Бог учыніў у адносінах да нас”, - дадаў Пантыфік.

Францішак спаслаўся на Энцыкліку святога Паўла VI Ecclesiam suam, у якой сцвярджаецца, што “Касцёл павінен весці дыялог са светам, у якім жыве”, і патлумачыў, што гэты абавязак не залежыць ні ад моды, ні, тым больш, ад стратэгій па павелічэнні колькасці сваіх веравызнаўцаў.

“Калі Касцёл і павінен уступаць у дыялог, то па прычыне вернасці свайму Пану і Настаўніку, які з самага пачатку, натхнёны любоўю, пажадаў распачаць дыялог як сябар і запрасіць нас да ўдзелу ў Яго сяброўстве. З дня нашага хросту мы, як паслядоўнікі Езуса Хрыста, пакліканы стаць часткай гэтага дыялогу збаўлення і сяброўства”, - запэўніў Святы Айцец.

Праз дыялог Касцёл спрыяе будаўніцтву сяброўства, глыбіннай крыніцай якога з’яўляецца Божае Бацькоўства. На жаль, сёння гэтае сяброўства, “змучана палітыкай інтэгралізму і падзелу, сістэмамі непамернага заробку, тэндэнцыямі ідэалогій нянавісці, якія маніпулююць учынкамі і лёсамі людзей”, сказаў Папа.

Таму Францішак пажадаў каталіцкаму духавенству Марока “працягваць праяўляць блізкасць да таго, хто часта аказваецца пакінутым ззаду, да малых і ўбогіх, да зняволеных і мігрантаў.

Навіна ў фармаце аўдыё
31 сакавіка 2019, 12:00