Папа падчас агульнай аўдыенцыі Папа падчас агульнай аўдыенцыі 

Папа: Божаму Валадарству ўласцівыя паступовасць і лагоднасць

Божае Валадарства ўстанаўліваецца не з дапамогай насілля. Стыль Бога – гэта паступовае пашырэнне і лагоднасць, падкрэсліў Папа падчас агульнай аўдыенцыі, якая 6 сакавіка 2019 г. прайшла ў Ватыкане.

Працягваючы цыкл катэхез, прысвечаных малітве “Ойча наш”, Францішак засяродзіўся на словах “прыйдзі валадарства Тваё”. Яны выходзяць з сэрца самога Хрыста, Які пачаў сваё прапаведаванне ў Галілеі, абвяшчаючы: “Споўніўся час, і наблізілася Валадарства Божае; кайцеся і верце ў Евангелле”, нагадаў Папа.

“Гэтыя словы з’яўляюцца не пагрозай, а, наадварот, радаснай весткай, радасным пасланнем. Езус не хоча прымушаць людзей да навяртання, сеючы страх перад пагрозай Божага суда, ці да пачуцця віны за зло, якое было зроблена. Езус не займаецца празелітызмам: проста абвяшчае. Тое, што Ён прыносіць, наадварот, з’яўляецца Добрай Навіной збаўлення, і, пачынаючы ад яе, Ён заклікае да навяртання”, - сказаў Папа.

“[Кожны запрошаны паверыць у Евангелле: Божае Валадарства наблізілася да Яго дзяцей. (...) Езус абвяшчае гэту цудоўную рэч, гэту ласку: Бог Айцец нас любіць, Ён блізка да нас і вучыць нас ісці па шляху святасці]”

, - дадаў ён.

Францішак заўважыў, што знакі прыйсця Божага Валадарства шматлікія і станоўчыя. Езус пачынае сваё служэнне з клопату аб целе і душы хворых, адрынутых, такіх, як пракажоныя, грэшнікаў, на якіх усе глядзелі з пагардай.

“Прыйдзі валадарства Тваё!” з настойлівасцю паўтарае хрысціянін, калі моліцца “Ойча наш”. Езус прыйшоў, але свет яшчэ пазначаны грахом, населены людзьмі, якія пакутуюць, якія не прыміраюцца і не прабачаюць, войнамі і шматлікімі формамі эксплуатацыі: падумаем, напрыклад, пра гандаль дзецьмі. Усе гэтыя факты пацвярджаюць, што перамога Хрыста яшчэ не рэалізавалася цалкам: многія асобы яшчэ жывуць з закрытымі сэрцамі”, - сказаў Папа.

“[Менавіта ў такой сітуацыі з вуснаў хрысціяніна ўзносіцца другі заклік малітвы “Ойча наш”: “Прыйдзі валадарства Тваё!”. Гэта так, як сказаць: “Мы маем патрэбу ў Табе, Езу; маем патрэбу, каб усюды і заўсёды Ты быў Панам паміж намі! ]”

, - дадаў ён.

Францішак заўважыў, што часам людзі не разумеюць, чаму Божае Валадарства марудзіць з надыходам. Каб растлумачыць гэта, ён нагадаў евангельскую прыпавесць, у якой Езус параўноўвае Божае Валадарства з полем, на якім добрае зерне расце побач з каласоўнікам.

“[Найгоршай памылкай было б жаданне неадкладна ўмяшацца і вырваць са свету тое, што здаецца шкоднай травой. Бог не такі як мы, Ён мае цярплівасць. Не з дапамогай насілля ўстанаўліваецца Валадарства ў свеце: яго стыль – гэта стыль паступовага пашырэння і лагоднасці]”

, - падкрэсліў Пантыфік.

“Божае Валадарства – гэта, безумоўна, вялікая сіла, самая вялікая з тых, што існуюць, але не згодна з крытэрыямі свету. Таму нам здаецца, што яно ніколі не мае абсалютнай большасці. Яно падобна на закваску, якая змешваецца з мукой: на першы погляд здаецца, што яна знікае, але менавіта яна робіць працэс заквашвання. Яно таксама падобна на зерне гарчыцы, маленькае, амаль нябачнае, якое нясе ў сабе неверагодную сілу прыроды, а калі вырастае, становіцца вышэйшым за ўсе дрэвы ў садзе”, - сказаў Папа.

Францішак заўважыў, што ў гэтым “лёсе” Божага Валадарства можна распазнаць парадыгму жыцця Езуса: таксама і Ён “быў для сваіх сучаснікаў кімсьці нязначным, амаль невядомай падзеяй для афіцыйных гісторыкаў таго часу”.

“Ён сам акрэсліў сябе як “пшанічнае зерне”, якое памірае ў зямлі, але толькі так можа даць “багаты плён”. Сімвал зерня – красамоўны: аднойчы земляроб яго закапвае ў зямлю – гэты жэст нагадвае пахаванне, – а затым “спіць, і ўстае ноччу і днём, а як зерне ўзыходзіць і расце, ён не ведае”. Зерне, якое ўзыходзіць, гэта больш справа Бога, чым чалавека, які яго пасеяў”, - сцвердзіў Пантыфік

“[Бог апярэджвае нас заўсёды, Бог нас заўсёды здзіўляе. Дзякуючы Яму, пасля ночы Вялікай Пятніцы наступае світанак Уваскрасення, здольны асвятліць надзеяй увесь свет]”

, - дадаў Францішак.

Папа нагадаў, што адказ на заклік “Прыйдзі валадарства Тваё” знаходзіцца ў самых апошніх радках Святога Пісання, у Апакаліпсісе: “Так, хутка прыйду”. “Амэн. Прыйдзі, Пане Езу!”. Ласка Пана Езуса няхай будзе з усімі” (Ап 22,20).

Рэпартаж з плошчы св. Пятра ў Ватыкане
Навіна ў фармаце аўдыё
06 сакавіка 2019, 11:22