Пошук

Vatican News
Папа падчас візіту ў мэрыю Рыма Папа падчас візіту ў мэрыю Рыма  (ANSA)

Пантыфік: Рым павінен быць маяком цывілізаванасці

Рым павінен быць маяком цывілізаванасці і настаўнікам гасціннасці, падкрэсліў Пантыфік падчас наведвання муніцыпалітэту Вечнага горада. Візіт адбыўся 26 сакавіка 2019 г.

Францішак падзякаваў гарадскім уладам за гасціннасць і прызнаўся, што ўжо даўно хацеў наведаць Капіталійскі палац, у першую чаргу, каб асабіста падзякаваць за дапамогу ў правядзенні Юбілейнага Года Міласэрнасці і іншых буйных касцёльных падзей.

Пантыфік заўважыў, што на працягу сваёй доўгай гісторыі Рым прымаў і інтэграваў народы і людзей рознага паходжання, розных сацыяльных і эканамічных груп, “не ліквідуючы іх законных адметнасцей, не прыніжаючы і не знішчаючы іх характэрных рыс і тоеснасці”.

Папа нагадаў, што менавіта ў Рыме зарадзілася “правідэнцыйнае раздзяленне” паміж грамадзянскімі і рэлігійнымі ўладамі, якое ажыццяўляецца пры “ўзаемнай павазе і супрацоўніцтве на карысць усіх”. “Рым, пэўным чынам, абавязвае зямныя і духоўныя ўлады весці пастаянны дыялог, рэгулярна супрацоўнічаць, захоўваючы ўзаемную павагу. Ён вымагае таксама быць крэатыўнымі, як у штодзённым будаванні добрых адносін, так і ў вырашэнні шматлікіх праблем, якія непазбежна прадугледжвае кіраванне такой вялікай спадчынай”, - зазначыў Пантыфік.

Францішак пажадаў, каб Вечны горад заставаўся “на вышыні сваёй місіі і сваёй гісторыі”, каб быў “маяком цывілізаванасці і настаўнікам гасціннасці, каб не губляў мудрасці, якая выяўляецца ў здольнасці інтэграваць і дапамагаць кожнаму чалавеку адчуваць сябе паўнапраўным удзельнікам супольнага лёсу”.

Папа запэўніў у жаданні Касцёла супрацоўнічаць з гарадскімі ўладамі і ўсімі гараджанамі дзеля захавання Рымам яго “самага шляхетнага аблічча, яго пачуццяў хрысціянскай любові і грамадзянскай адказнасці”.

“Рым – гасцінны горад, пакліканы адказаць на гэты эпахальны выклік у святле сваёй высакароднай гісторыі; задзейнічаць сваю энергію, каб прымаць і інтэграваць, каб перамяняць непаразуменні і праблемы ў магчымасці для сустрэчы і ўзрастання. Няхай Рым, аплоднены крывёй мучанікаў, будзе здольным чэрпаць у сваёй культуры, сфарміраванай верай у Хрыста, рэсурсы для крэатыўнасці і любові, неабходныя для пераадолення страхаў, што пагражаюць заблакаваць ініцыятывы і магчымыя шляхі”, - сказаў Святы Айцец.

На заканчэнне прамовы, Францішак пажадаў, каб Рым быў горадам мастоў, а не муроў, асабліва калі гаворка ідзе пра дапамогу шматлікім мігрантам, якія ўцякаюць ад вайны і беднасці, шукаючы магчымасці пачаць новае, бяспечнае і годнае жыццё.

Навіна ў фармаце аўдыё
26 сакавіка 2019, 13:13