Vatican News
Папа Францішак. Ілюстратыўнае фота Папа Францішак. Ілюстратыўнае фота  (ANSA)

Пантыфік: праца педыятра – місія, дзе важныя розум і сэрца

Праца педыятра – гэта сапраўдная місія, у якой задзейнічаны розум і сэрца, адзначыў Папа ў звароце да прадстаўнікоў Італьянскай федэрацыі педыятраў. Аўдыенцыя адбылася 21 сакавіка 2019 г. у Ватыкане.

Святы Айцец падзяліўся са сваімі гасцямі некалькімі думкамі, уручыўшы ім тэкст загадзя падрыхтаванай прамовы, у якой падзякаваў за шматлікія ініцыятывы аб’яднання, а таксама падкрэсліў важнасць пастаяннага ўдасканалення педыятрамі сваіх ведаў і прафесійных здольнасцей.

“Узроставая катэгорыя, якой вы займаецеся – ад нараджэння да падлеткавага ўзросту, – безумоўна, з’яўляецца найбольш эвалюцыйным перыядам у жыцці чалавека і патрабуе глабальных ведаў адносна чалавечага цела і яго паталогій”

, - зазначыў Папа.

Паводле яго, у наш час важна спрыяць развіццю культуры аховы здароўя, асабліва дзяцей. “Існуе тэрміновая неабходнасць у сур’ёзнай выхаваўчай праграме адносна аховы здароўя і ладу жыцця, дзе з павагай ставяцца да чалавечага арганізму, каб, такім чынам, прагрэс не адбываўся коштам самога чалавека”, - заўважыў Францішак.

Гаворачы пра важнасць салідарнай і інклюзіўнай медыцыны, Святы Айцец звярнуў увагу на няроўнасць, якая існуе ў доступе да паслуг у сферы аховы здароўя.

“Заахвочваю вас працаваць, каб гэта няроўнасць не дадавалася да шматлікіх іншых відаў няроўнасці, ад чаго пакутуюць самыя слабыя, але, каб сістэма аховы здароўя гарантавала дапамогу і прафілактыку ўсім, як права чалавека”

, - заўважыў Пантыфік.

Папа звярнуў увагу на тое, што першымі, з кім педыятры ўступаюць у кантакт, з’яўляюцца не дзеці, але іх бацькі, якія патрабуюць ад урача не толькі медыцынскага прафесіяналізму, але і чалавечнасці, бо давяраюць яму самае дарагое з таго, што маюць.

Дзеці вельмі добра адчуваюць, з якім стаўленнем да іх набліжаецца ўрач, і таму важна мець усмешку на твары, умець падбадзёрыць і напоўніць даверам свайго маленькага пацыента, што, безумоўна, умацуе эфект прапісаных лекаў, перакананы Пантыфік.

Францішак заахвоціў педыятраў заўсёды памятаць пра адносіны Езуса да дзяцей і з Яго браць прыклад у прафесійнай дзейнасці. Хрыстус прыцягваў дзяцей да сябе не з дапамогай падарункаў, але сілай і спакоем сваёй асобы, заўважыў Папа.

Святы Айцец падкрэсліў, што праца педыятра – гэта сапраўдная місія, у якой задзейнічаны розум і сэрца, якая часам не прадугледжвае магчымасці перапынку і нармаванага працоўнага дня. Але менавіта такім сваім ладам жыцця ўрач дае асабістае хрысціянскае сведчанне, заўважыў Францішак.

Навіна ў фармаце аўдыё
21 сакавіка 2019, 14:32