Пошук

Наступствы цыклона "Ідаі" ў Мазамбіку. Ілюстрацыйнае фота Наступствы цыклона "Ідаі" ў Мазамбіку. Ілюстрацыйнае фота 

Пантыфік перадаў матэрыяльную дапамогу ахвярам паводкі ў Афрыцы

Францішак распарадзіўся перадаць 150 тыс. еўра ў якасці першай дапамогі насельніцтву трох афрыканскіх краін – Мазамбіка, Зімбабвэ і Малаві, – якія пацярпелі ад цыклона “Ідаі”.

Гэты жэст Папы з’яўляецца выразам яго “духоўнай блізкасці і айцоўскай падтрымкі” народам, якія пацярпелі, гаворыцца ў спецыяльным паведамленні Дыкастэрыі па служэнні інтэгральнаму развіццю чалавека, адказнай, разам з Апостальскімі нунцыятурамі, за размеркаванне дапамогі. Яна будзе накіравана на дапамогу насельніцтву найбольш пацярпелых раёнаў.

Адзначаецца, што такім чынам Папа і Святы Пасад далучыліся да гуманітарных ініцыятыў, якія рэалізуюцца на карысць насельніцтва Мазамбіка, Зімбабвэ і Малаві каталіцкімі супольнасцямі і дабрачыннымі арганізацыямі з розных частак свету.

Трапічны цыклон “Ідаі” абрынуўся на паўднёва-ўсходнюю частку афрыканскага кантынента на пачатку сакавіка 2019 г. Праліўныя дажджы і моцны вецер прывялі да гібелі каля 400 чалавек і выклікалі велізарныя разбурэнні.

Салідарнасць і блізкасць з пацярпелымі Францішак выказваў падчас агульнай аўдыенцыі, якая прайшла 20 сакавіка 2019 г. у Ватыкане. Ён адзначыў, што падзяляе боль афрыканцаў. “Давяраю шматлікіх ахвяр і іх сем’і Божай міласэрнасці і малюся аб суцяшэнні і падтрымцы для тых, хто пацярпеў ад гэтага катаклізму”, - казаў Святы Айцец.
 

23 сакавіка 2019, 11:10