Cerca

Vatican News
Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота  (AFP or licensors)

Францішак: турызм павінен спрыяць сустрэчы паміж людзьмі

22 сакавіка 2019 г. Папа прыняў у Ватыкане членаў італьянскага Моладзевага турыстычнага цэнтра (Centro Turistico Giovanile). Сустрэча была прымеркавана да 70-годдзя гэтага каталіцкага аб’яднання.

Францішак высока ацаніў погляд на турызм, які распаўсюджваецца Моладзевым цэнтрам. Гаворка не ідзе пра турызм, “натхнёны канонамі спажывецтва”, пазначаны імкненнем наведаць як мага больш месцаў і перажыць як мага больш досведаў, але пра турызм, здольны “спрыяць сустрэчы з людзьмі і тэрыторыямі, павялічваючы веды і ўзаемную павагу”.

Паводле Папы, падобны “павольны” турызм, які цалкам супрацьлеглы масаваму, можа садзейнічаць салідарнасці, якасці і ўстойлівасці. Яго сімвалам можа стаць чарапаха, якая сваёй павольнасцю, ніякім чынам не звязанай з лянотай, вучыць увазе да месцаў, людзей і зямлі.

“Менавіта ў святле вашай духоўнасці, у рамках Моладзевага турыстычнага цэнтра, вы можаце станавіцца спадарожнікамі на шляху многіх вашых аднагодак; можаце дапамагчы расквітнець іх энтузіязму, калі яны больш яго не маюць, альбо калі ён пахаваны пад руінамі роспачы і шчыльным слоем пылу кепскіх прыкладаў. Якаснае дзяленне вольным часам можа стаць ключавой магчымасцю, каб расчыніць сардэчныя брамы многіх юнакоў і дзяўчат, ствараючы сяброўскія сувязі, здольныя распаўсюджваць сапраўдныя каштоўнасці і нават веру”, - сказаў у сваёй прамове Папа.

Моладзевы турыстычны цэнтр быў заснаваны ў 1949 г. італьянскім каталіцкім святаром, кс. Карла Карэта. Яго мэта заключаецца ў спрыянні інтэгральнаму развіццю моладзі з дапамогай турыстычнай, сацыяльнай, выхаваўчай, культурнай, экалагічнай дзейнасці.

Навіна ў фармаце аўдыё
22 сакавіка 2019, 13:21