Пошук

Папа Францішак пасля абрання на Пасад св. Пятра Папа Францішак пасля абрання на Пасад св. Пятра 

Францішак адзначае шостую гадавіну пантыфіката

13 сакавіка 2019 г. Францішак адзначае шостую гадавіну абрання на Пасад св. Пятра. За гэтыя гады ён пакінуў багатую спадчыну з дакументаў, зваротаў, катэхез і, галоўнае, сведчання веры.

За шэсць гадоў пантыфікату Папа прамовіў больш за тысячу гаміліі, з якіх каля 670 – у капліцы ватыканскага Дома св. Марты; выступіў з больш чым 1200 публічнымі зваротамі, 264 катэхезамі ў рамках агульных аўдыенцый па серадах, 342 каментарамі да нядзельнага Евангелля перад малітвай “Анёл Панскі”.

Францішак выдаў дзве энцыклікі: “Lumen fidei”, напісаную ў “чатыры рукі” з Бэнэдыктам XVI і “Laudato si’”, прысвечаную экалогіі; тры Апостальскія адгартацыі: “Evangelii gaudium”, якая стала праграмным дакументам яго пантыфікату; “Amoris laetitia”, прысвечаную сям’і, “Gaudete et exsultate”, аб святасці ў сучасным свеце.

Святы Айцец абнародаваў таксама 36 Апостальскіх канстытуцый, 27 Апостальскіх лістоў у форме “motu proprio”, булу, якой абвясціў Святы Юбілейны Год, прысвечаны Божай Міласэрнасці.

Папа старшынстваваў на трох Сінодах Біскупаў, два з якіх былі прысвечаны сям’і і адзін – моладзі. Ён здзейсніў 27 Апостальскіх падарожжаў, у рамках якіх наведаў 41 краіну свету, а таксама 24 падарожжы па тэрыторыі Італіі.

За час пантыфікату Францішка ў Касцёле з’явіліся 49 святых, сярод якіх такія знакавыя для мінулага стагоддзя постаці як Ян ХХІІІ, Павел VI, Ян Павел ІІ, Маці Тэрэза з Калькуты, арцыбіскуп Оскар Рамэра, сведкі марыйных аб’яўленняў у Фаціце Франсішку і Жасінта Марту, бацькі св. Тэрэзы ад Дзіцятка Езуса – Луі Мартэн і Зэлі Герэн, а таксама больш за 1100 благаслаўлёных.

Пантыфік актыўна прысутнічае ў сацыяльных сетках. Афіцыйны “папскі” канал у “Твітэр”, які мае дзевяць моўных версій, чытае каля 50 млн. чалавек, а на яго старонку ў “Інстаграм” падпісаны каля 6 млн. чалавек розных веравызнанняў, нацыянальнасцей і культур.

Пантыфік выкарыстовае для распаўсюджвання евангельскага паслання розныя сродкі, але ў першую чаргу ўласны прыклад пакоры, любові і ўвагі да людзей, асабліва да найбольш патрабуючых і безабаронных, у якіх бачыць прысутнасць самаго Хрыста.

Навіна ў фармаце аўдыё
13 сакавіка 2019, 09:29