Пошук

Vatican News
Францішак падчас малітвы "Анёл Панскі" Францішак падчас малітвы "Анёл Панскі"  (ANSA)

Папа: перамяненне Хрыста дае нам хрысціянскі погляд на пакуты

Папа заклікаў вернікаў у Вялікім посце “ўзыходзіць з Езусам на гару”, і прысвячаць больш часу на малітву сэрца і сузіранне Слова Божага. 17 сакавіка 2019 г. ён сустрэўся з вернікамі на малітве “Анёл Панскі”.

Прапануем поўны тэкст медыдацыі Францішка:

“У гэтую Другую нядзелю Вялікага посту літургія запрашае нас да сузірання падзеі Перамянення, у якой Езус даў сваім вучням Пятру, Якубу і Яну, прадчуванне славы Уваскрасення: пробліск неба на зямлі. Евангеліст Лука (9, 28 -36) паказвае нам Езуса, перамененага на гары, якая з’яўляецца месцам святла, захапляльным сімвалам унікальнага асабістага досведу трох вучняў. Яны ўздымаюцца з Настаўнікам на гару, яны бачаць яго паглыбленым у малітве, і ў адзін момант “выгляд твару Ягонага перамяецца” (Лк 9, 29). Прызвычаеныя бачыць Яго штодзённа ў простым чалавечым вобразе, перад абліччам гэтага новага ззяння, што акружае ўвесь Яго твар, стаяць здзіўленыя. І побач з Езусам з’яўляюцца Майсей і Ілля, якія размаўляюць пра Яго “зыход”, пра Яго Пасху смерці і ўваскрасення. Гэта прадчуванне Вялікадня. Тады Пётр кажа: “Настаўнік, добра нам тут быць” (Лк 9, 33). Ён хацеў, каб гэты момант ласкі ніколі не скончыўся!

Перамяненне адбываецца ў пэўны момант місіі Хрыста, гэта значыць, пасля таго, як Ён прызнаецца вучням, што “павінен шмат выцерпець (...) і быць забітым, і на трэці дзень уваскрэснуць” (Лк 9, 21). Езус ведае, што яны не прымаюць гэтую рэальнасць – рэальнасць крыжа, рэальнасць смерці Езуса – таму хоча падрыхтаваць іх несці “скандал” мукі і смерці на крыжы, каб яны зразумелі, што гэта шлях, на якім Айцец Нябесны праславіць свайго Сына, праз уваскрашэнне Яго з мёртвых. І гэта будзе шлях вучняў: ніхто не прыходзіць да вечнага жыцця без наследавання Езуса, несучы свой крыж у гэтым жыцці. 

“[Кожны з нас мае свой крыж. Пан паказвае нам канец гэтага шляху, якім ёсць Уваскрасенне, прыгажосць нясення ўласнага крыжа.]”

Таму Перамяненне Хрыста дэманструе нам хрысціянскі погляд на пакуты. І гэта не садамазахізм пакуты: гэта неабходны, але часовы пераход. Пункт прыбыцця, да якога мы пакліканы, яркі, як аблічча Хрыста перамененага: ў Ім ёсць збаўленне, асалода, святло, Божая любоў без абмежаванняў. Дэманструючы сваю славу, Езус запэўнівае нас, што рашэнне і пераадоленне крыжа, выпрабаванняў, цяжкасцей, з якімі мы змагаемся, ляжыць у Вялікадні. Таму ў гэты Пост мы таксама ўздымаемся на гару з Езусам! Але як? З малітвай. Уздымаемся на гару з малітвай: малітвай ціхай, малітвай сэрца, заўсёды шукаючы Пана. 

“[Варта прысвяціць некаторы час на медытацыю, кожны дзень на некалькі хвілін затрымаць наш унутраны погляд на Яго абліччы, і няхай Яго святло пранікае ў нас і распаўсюджваецца на ўсё наша жыццё.]”

Евангеліст Лука падкрэслівае, што Езус перамяніўся тады, “калі маліўся” (Лк 9, 29). Ён быў пагружаны ў інтымную размову з Айцом, у якой прагучалі нават закон і прарокі – Майсей і Ілля – рэалізуючы пры гэтым усім Сабой волю Айца адносна збаўлення, якая ўключае ў сябе крыж, настолькі, што слава Божая становіцца бачнай звонку.

Менавіта так, браты і сёстры, малітва ў Хрысце і ў Духу Святым перамяняе чалавека знутры і можа асвячаць іншых і свет навокал. Мы самі сустракалі шмат светлых людзей, якія выпраменьваюць святло з вачэй, якія маюць светлы позірк! Яны моляцца, і малітва робіць гэта: дае яркае святло Святога Духа.

З радасцю мы працягваем наша велікапоснае падарожжа. Даём прастору для малітвы і Слова Божага, што настолькі шырока прапануе нам літургія ў гэтыя дні. Няхай Дзева Марыя вучыць нас быць з Езусам, нават калі мы не разумеем і не ахопліваем Яго. Таму што толькі застаючыся з ім мы ўбачым славу Яго”, - сказаў Папа.

Пасля “Анёл Панскі”, Францішак прывітаў пілігрымаў, сабраных на плошчы св. Пятра, і папрасіў іх не забывацца маліцца за яго.

Рэпартаж з плошчы св. Пятра
Навіна ў фармаце аўдыё
17 сакавіка 2019, 13:38