Пошук

Vatican News
Папа падчас прэс-канферэнцыі на борце самалёта Папа падчас прэс-канферэнцыі на борце самалёта 

Прэс-канферэнцыя Пантыфіка: пра іслам і сітуацыю ў Венесуэле

Каталіцка-мусульманская дэкларацыя, крызіс у Венесуэле, злоўжыванні духавенства: гэта галоўныя тэмы прэс-канферэнцыі Папы. Яна прайшла 5 лютага 2019 г. падчас яго пералёту з Абу-Дабі ў Рым.

Каментуючы сваё падарожжа ў Аб’яднаныя Арабскія Эміраты Францішак зазначыў, што яно было кароткім, але прынесла шмат.

“Гэта сучасная краіна, яна прымае шмат народаў і глядзіць у будучыню: напрыклад, у выхаванні дзяцей. Яны займаюцца выхаваннем, гледзячы ў будучыню. Акрамя таго, мяне ўразіла як тут вырашаецца праблема вады: у бліжэйшай будучыні яны маюць намер з марской вады рабіць пітную, а таксама выкарыстоўваюць ваду з кандэнсату. Заўсёды шукаюць штосьці новае. Я чуў, як яны казалі: у нас закончыцца нафта, мы да гэтага рыхтуемся. Мне падалося, што гэта адкрытая краіна. Таксама ў сферы рэлігіі: іслам тут адкрыты, іслам дыялогу, братэрства і міру”, - сцвердзіў Пантыфік.

Папа прызнаўся, што быў асабліва ўражаны сустрэчай з Сусветнай Радай Мусульманскіх Старэйшын, члены якой выводзяцца з розных краін і культур, што таксама кажа пра адкрытасць мусульман на дыялог на рэгіянальным і міжнародным узроўнях.

Гаворачы пра Дэкларацыю аб братэрстве паміж людзьмі, міры і агульным існаванні, якую падпісаў разам з Вялікім імамам Аль-Азхар Ахмедам Эль Таебам, Францішак зазначыў, што падрыхтоўка гэтага дакумента суправаджалася глыбокай рэфлексіяй і малітвай з абодвух бакоў.

“[На мой погляд існуе толькі адна небяспека на дадзены момант: знішчэнне, вайна, нянавісць паміж намі. Калі мы, веруючыя, не зможам працягнуць руку адно аднаму, абняцца, пацалаваць, а таксама маліцца, наша вера пацерпіць паразу. Гэты дакумент нарадзіўся з веры ў Бога, Які з’яўляецца Айцом усіх і Айцом міру]”

, - дадаў Пантыфік.

Святы Айцец падкрэсліў, што з “каталіцкага пункту гледжання Дэкларацыя ні на міліметр не адышла ад Другога Ватыканскага Сабору”. Яна была зацверджана шматлікімі тэолагамі, у тым ліку тэолагам Папскага дому. “Калі ж хтосьці гэтага не прымае, я магу гэта зразумець, бо падобныя рэчы не здараюцца штодзённа...”, - заўважыў Папа.

“[У ісламскім свеце таксама ёсць розныя меркаванні: адны больш радыкальныя, іншыя – не. Учора на Радзе Старэйшын прысутнічаў прынамсі адзін шыіт і ён выказваўся пазітыўна. Паміж імі таксама будуць разыходжанні, але гэта працэс. Працэсы павінны даспяваць, як кветкі, як плады]”

, - дадаў Францішак.

Святы Айцец нагадаў, што Дэкларацыя галоўны чынам тычыцца адзінства і сяброўства, але таксама рашуча асуджае насілле ў імя рэлігіі.

Адказваючы на пытанне пра магчымасць пасрэдніцтва Апостальскай Сталіцы ва ўрэгулявання палітычнага крызісу ў Венесуэле, Папа падкрэсліў, што для гэтага патрэбна згода абодвух бакоў. Францішак пацвердзіў, што атрымаў ліст ад Нікаласа Мадуры, але яшчэ не меў магчымасці прачытаць яго. “Я прачытаю ліст і пагляджу, што можна зрабіць, але пры ўмове, што аб гэтым папросяць абодва бакі. Я заўсёды гатовы”, - прызнаўся ён.

Падчас прэс-канферэнцыі ўздымалася і пытанне, звязанае са злоўжываннямі духавенства адносна законніц. Папа прызнаў, што такая праблема існуе. Яна мае “культурны характар” і звязана з тым, што жанчын часта разглядаюць як асоб “другога гатунку”, лічыць Пантыфік.

Святы Айцец заўважыў, што барацьба з гэтай з’явай у Касцёле вядзецца ўжо даўно, у выніку чаго былі пазбаўлены сану некаторыя святары і нават былі распушчаны некаторыя манаскія супольнасці. Асаблівым чынам Францішак падкрэсліў уклад Бэнэдыкта XVI у выкараненне падобных злоўжыванняў у Касцёле.

Навіна ў фармаце аўдыё
06 лютага 2019, 11:00