Францішак падчас агульнай аўдыенцыі Францішак падчас агульнай аўдыенцыі 

Папа: у дыялогу з Богам няма месца для індывідуалізма

У дыялогу з Богам няма месца для індывідуалізма, падкрэсліў Святы Айцец падчас агульнай аўдыенцыі, якая прайшла 13 лютага 2019 г. у ватыканскай Зале Паўла VI.

Працягваючы цыкл катэхез, прысвечаны малітве “Ойча наш”, Францішак нагадаў пра захаванне на малітве, якому Езус вучыў сваіх вучняў.

“Ён сказаў: калі молішся, увайдзі ў цішыню свайго пакою, аддаліся ад свету і звяртайся да Бога, называючы Яго: “Ойча!”. Езус не хоча, каб Яго вучні былі як крывадушнікі, што моляцца, стоячы на плошчах, каб паказацца перад людзьмі. Езус не хоча крывадушнасці. Сапраўдная малітва – гэта тая, якая робіцца ў таемнасці сумлення, сэрца: схаваная, бачная толькі для Бога. Я і Бог. Яна пазбягае фальшывасці: з Богам немагчыма прытварацца. Перад Богам ніводнае прытворства не мае сілы. Бог ведае нас такімі, з непрыкрытым сумленнем, прытварацца немагчыма”, - сцвердзіў Папа.

“[Ля вытокаў дыялогу з Богам, знаходзіцца ціхі дыялог, падобны на скрыжаванне позіркаў двух асоб, які любяць адно аднаго: чалавека і Бога]”

, - дадаў ён.

Пантыфік падкрэсліў, што нягледзячы на прыватны характар малітвы, у ёй не павінны ігнаравацца пакуты свету і людзей, як блізкіх, так і далёкіх. “У таемнасці сумлення хрысціянін не пакідае свет за дзвярыма свайго пакою, але носіць у сэрцы людзей, сітуацыі, праблемы...”, - дадаў ён.

Рэпартаж з агульнай аўдыенцыі ў Ватыкане

Святы Айцец заўважыў таксама, што ў галоўнай хрысціянскай малітве адсутнічае займеннік “я”, якому ў сучасную эпоху, а магчыма нават, што і заўсёды, надаецца велізарнае значэнне.

“Езус вучыць маліцца, маючы на вуснах, у першую чаргу, “Ты”, бо хрысціянская малітва – гэта дыялог: “свяціся імя Тваё, прыйдзі валадарства Тваё, будзь воля Твая” (...). А затым пераходзіць да “нас”. Уся другая частка малітвы “Ойча наш” скіравана да першай асобы ў множным ліку: “хлеба нашага штодзённага дай нам сёння, і адпусці нам правіны нашыя, не ўводзь нас у спакусу, вызвалі нас ад злога”. Нават самыя элементарныя просьбы чалавека – як просьба аб хлебе, каб наталіць голад – змешчаны ў множным ліку”, - патлумачыў Францішак.

“[У хрысціянскай малітве ніхто не просіць хлеба для сябе – Хлеба штодзёнага дай мне сёння. Не! Дай нам! – Ён просіць для ўсіх, для ўсіх бедных у свеце]”

, - перакананы Пантыфік.

Паводле Папы, ў дыялогу з Богам няма месца для індывідуалізма. “Няма засяроджанасці на ўласных праблемах, нібыта мы адзіныя, хто пакутуе ў гэтым свеце. Не можа быць малітвы, што ўзносіцца да Бога, акрамя той, якая ўзносіцца супольнасцю братоў і сясцёр”, - дадаў ён.

“У малітве хрысціянін заносіць ўсе цяжкасці людзей, што жывуць побач з ім: калі наступае вечар, ён распавядае Богу пра пакуты, якія сустрэў на працягу дня; заносіць да Яго шматлікія абліччы, сваіх сяброў і нават ворагаў; не ігнаруе іх, як небяспечныя перашкоды. Калі хтосьці не ўсведамляе, што вакол яго ёсць шмат людзей, якія пакутуюць; калі слёзы бедных не выклікаюць у ім літасці; калі ён неадчувальны да ўсяго, гэта значыць, што яго сэрца (...) каменнае. У такім выпадку карысна прасіць Пана, каб дакрануўся да нас сваім Духам і зрабіў нашы сэрцы больш ласкавымі (...). Хрыстус не праходзіў раўнадушша побач з нястачамі свету: кожны раз, калі сустракаў самотнасць, цялесныя і духоўныя пакуты, у Яго ўзнікала моцнае пачуццё спагады, як у нутры маці”, - сказаў Пантыфік.

“[Гэтае “адчуваць спагаду” – не забывайце гэты вельмі хрысціянскі выраз: “адчуваць спагаду”, – адзін з ключавых выразаў Евангелля: гэта тое, што паштурхнула Добрага самараніна наблізіцца да параненага чалавека, што ляжаў на ўскраіне дарогі, у адрозненні ад іншых, якія мелі цвёрдае сэрца]”

, - сцвердзіў Папа.

Францішак заклікаў вернікаў спытаць сябе: ці адкрыты я на пакуты іншых людзей; ці не ўспрымаю малітву ў якасці “анестэзіі”, неабходнай, каб прабываць у спакоі? “У такім выпадку стану ахвярай жудаснай памылкі. Вядома, што тады мая малітва не будзе хрысціянскай, бо гэтае “мы”, якому нас навучыў Езус, перашкаджае мне знаходзіцца ў спакоі ў самоце і дапамагае адчуваць сябе адказным за маіх братоў і сясцёр”, - дадаў ён.

“Ёсць людзі, якія відавочна не шукаюць Бога, але Езус просіць нас маліцца таксама за іх, таму што Бог шукае гэтых людзей, больш чым усіх іншых. Езус не прыйшоў дзеля здаровых, але дзеля хворых і грэшнікаў – гэта значыць дзеля ўсіх, бо той, хто лічыць сябе здаровым, на самой справе такім не з’яўляецца. Калі працуем на карысць справядлівасці, не будзем адчуваць сябе лепшымі за іншых: Айцец загадвае сонцу свайму ўзыходзіць над дрэннымі і добрымі. Айцец любіць усіх!”, - нагадаў Папа.

“[Будзем вучыцца ад Бога, Які заўсёды добры да ўсіх, у адрозненні ад нас, у якіх атрымліваецца быць добрымі толькі з некаторымі, з тымі, хто нам падабаецца]”

, - заклікаў Францішак.

Святы Айцец падкрэсліў, што ўмілаванымі братамі, якія паходзяць ад аднаго Айца, з’яўляюцца як святыя, так і грэшнікі. “На світанку жыцця, мы будзем асуджаны па любові. Не толькі сентыментальнай любові, але спагадлівай і канкрэтнай, згодна з евангельскім правілам, не будзем забываць яго: “Тое, што вы зрабілі аднаму з гэтых братоў Маіх меншых, вы Мне зрабілі”, - закончыў катэхезу Папа.

Навіна ў фармаце аўдыё
13 лютага 2019, 10:31