Пошук

Падчас пакутнага набажэнства Падчас пакутнага набажэнства 

Папа правёў пакутную літургію за грахі злоўжыванняў

23 лютага 2019 г. увечары, у Саля-Рэджыя ватыканскага Апостальскага палаца, Святы Айцец узначаліў пакутнае набажэнства за грахі выкарыстання непаўналетніх людзьмі Касцёла.

Літургія пачалася спевам Псальма 50. Затым быў прачытаны фрагмент Евангелля св. Лукі пра блуднага сына (Лк 15,11-32). Пасля, арцыбіскуп Філіп Наамэх прамовіў казанне, у якім нагадаў, што Евангелле запрашае кожнага ўбачыць у сабе блуднага сына.

“[Занадта часта мы маўчалі, адводзілі вочы ў бок, пазбягалі канфліктаў – мы былі занадта задаволеныя, каб супрацьстаяць цёмным бакам нашага Касцёла]”

, - звярнуў увагу старшыня епіскапату Ганы. Ён нагадаў, што зваротным пунктам для змены сітуацыі, як і ў евангельскім выпадку, з’яўляецца пакора: трэба прызнаць памылкі, пакаяцца і быць гатовымі прыняць наступствы.

Пасля казання прагучала сведчанне аднаго з пацярпелых, маладога чалавека з Лацінскай Амерыкі. Ён казаў пра сваю драму і патрэбу быць выслуханым.

Затым Святы Айцец запрасіў прысутных іерархаў да рахунку сумлення, падкрэсліваючы неабходнасць прымаць адказныя рашэнні ў кантэксце сітуацыі, якая ўзнікла ў розных краінах.

Набажэнства завяршылася спевам “Ойча наш” і “Магніфікат”, знакам спакою і папскім благаслаўленнем.

Навіна ў фармаце аўдыё
24 лютага 2019, 11:15