Cerca

Vatican News
Папа падчас агульнай аўдыенцыі Папа падчас агульнай аўдыенцыі  (ANSA)

Папа: “Ойча наш” – матрыца кожнай хрысціянскай малітвы

Пра сувязь паміж сузіраннем Бога і просьбамі аб жыццёвых патрэбах чалавека ў малітве “Ойча наш”, нагадаў Папа падчас агульнай аўдыенцыі, якая 27 лютага 2019 г. прайшла ў Ватыкане.

Працягваючы цыкл катэхез аб галоўнай хрысціянскай малітве, Францішак нагадаў, што ў ёй утрымліваюцца сем просьбаў, якія з лёгкасцю можна падзяліць на дзве падгрупы: у цэнтры першых трох – Бог Айцец, у іншых чатырох – чалавечыя патрэбы.

“Тут знаходзіцца матрыца кожнай хрысціянскай малітвы – я бы сказаў кожнай чалавечай малітвы, – якая заўсёды складаецца, з аднаго боку, з сузірання Бога, Яго таямніцы, Яго прыгажосці і дабрыні, а з іншага – з шчырай і мужнай просьбы аб тым, што нам патрэбна, каб жыць, і жыць добра. Так, у сваёй прастаце і істотнасці, малітва “Ойча наш” вучыць таго, хто ёй моліцца, не прамаўляць шматлікіх марных слоў, бо – як кажа сам Езус, – “ведае Айцец ваш, у чым вы маеце патрэбу, раней, чым вы папросіце ў Яго” (Мц 6,8), - падкрэсліў Папа.

Францішак заўважыў, што Бог дакладна ведае патрэбы нашага сэрца.

“Калі Бог з’яўляецца для нас таямніцай, то мы не з’яўляемся нечым таямнічым у Яго вачах. Бог, як тыя маці, якім дастаткова аднаго позірку, каб зразумець усё пра сваіх дзяцей: ці яны задаволеныя ці засмучаныя, ці шчырыя ці ўтойваюць нешта...”

, - заўважыў ён.

“Цікава заўважыць, што падчас Нагорнай пропаведзі, адразу пасля перадачы тэксту малітвы “Ойча наш”, Езус заклікае нас не турбавацца і не хвалявацца пра зямное. Здаецца, што тут ёсць супярэчнасць: спачатку Ён вучыць нас прасіць аб штодзённым хлебе, а потым кажа: “Таму не турбуйцеся і не кажыце: “Што нам есці?” або: “Што піць?” або: “У што апрануцца?” (Мц 6, 31). Але супярэчнасць тут існуе толькі на першы погляд: просьбы хрысціяніна выказваюць давер да Айца; і менавіта гэты давер дазваляе прасіць аб тым, у чым маем патрэбу, без трывогі і хвалявання”, - патлумачыў Пантыфік.

Паводле Папы, менавіта таму мы молімся, кажучы: “Свяціся імя Тваё”. У гэтай першай просьбе адчуваецца ўсё захапленне Езуса прыгажосцю і веліччу Айца, а таксама Яго жаданне, каб усе людзі пазналі і любілі Бога такім, якім Ён па-сапраўднаму з’яўляецца.

“У той жа час, тут прысутнічае малітва аб тым, каб Яго імя было святым для нас, нашай сям’і, нашага грамадства, усяго свету”

, - заўважыў Пантыфік.

“Бог з’яўляецца тым, хто асвячае, хто перамяняе нас сваёй любоўю, але, адначасова, і мы, праз наша сведчанне, дэманструем святасць Бога ў свеце, робячы прысутным Яго імя. Бог – святы, але калі мы, калі наша жыццё не з’яўляецца святым, гэта неадпаведнасць! Божая святасць павінна адлюстроўвацца ў нашых учынках, нашым жыцці. “Я хрысціянін, Бог – святы, але я раблю шмат зла” – такі падыход непатрэбны! Гэта робіць шкоду: выклікае абурэнне і не дапамагае”, - падкрэсліў Святы Айцец.

Францішак нагадаў, што Божая святасць – гэта сіла, якая заўсёды пашыраецца, а ў малітве “Ойча наш” мы просім, каб яна хутчэй зламала бар’еры, што існуюць на нашым свеце.

“Калі Езус пачынае прапаведаваць, першым адчувае наступствы гэтага зло, якое мучыць свет”

, - перакананы Пантыфік.

“Святасць Езуса, пашыраецца на падабенства кругоў на вадзе, што ўтвараюцца, калі кінуць камень у сажалку. Зло мае лічаныя дні – зло не вечнае! – зло больш не можа нам нашкодзіць: прыйшоў асілак, Які авалодвае сваім домам (пар. Мк 3,23-27). І гэтым асілкам ёсць Езус, Які таксама і нам дае сілу, каб мы авалодалі нашым унутраным домам”, - дадаў Папа.

Францішак нагадаў, што малітва праганяе страх і напаўняе ўпэўненасцю ў любові Бога, а зло вельмі баіцца гэтага.

Рэпартаж з плошчы св. Пятра
Навіна ў фармаце аўдыё
27 лютага 2019, 11:57