Пошук

Vatican News
Папа па дарозе на ватыканскі саміт. Ілюстрацыйнае фота Папа па дарозе на ватыканскі саміт. Ілюстрацыйнае фота 

Пантыфік прапанаваў “прынцыпы” абароны непаўналетніх

21 лютага 2019 г., у пачатку ватыканскай сустрэчы па абароне непаўналетніх, Папа перадаў удзельнікам “кіруючыя прынцыпы”, сфармуляваныя на падставе прапаноў, атрыманых ад епіскапатаў асобных краін.

У якасці першага, прапануецца стварэнне “практычнага дапаможніка” па рэагаванні ў сітуацыі злоўжыванняў. Павінны паўстаць адпаведныя структуры, у склад якіх увайшлі б падрыхтаваныя і кампетэнтныя асобы. Таксама адзначаецца неабходнасць ясных крытэрыяў для непасрэднага ўдзелу ў справе біскупа ці настаяцеля, агульных працэдур для разгляду заяў і абароны ахвяр, інфармавання аб такіх выпадках грамадзянскіх і касцёльных вышэйшых органаў улады.

У дакуменце гучыць прапанова “вызначыць асобныя пратаколы для кіравання абвінавачванняў супраць біскупаў”, спрыяць, шляхам пастаяннай фармацыі духавенства, павышэнню дасведчанасці аб прычынах і наступствах сексуальнага гвалту.

У 12-м пункце прапанавана “падвысіць мінімальны ўзрост для ўступлення ў шлюб да шаснаццаці гадоў”. У 14-м нагадваецца пра права на абарону і прынцып прэзумпцыі невінаватасці, з чаго вынікае неабходнасць прадухілення публікацыі спісаў абвінавачаных, у тым ліку на ўзроўні дыяцэзій, да вынікаў следства і канчатковага прысуду.

Наступныя пункты “кіруючых прынцыпаў” гаворыць пра ўвядзенне адпаведных правіл і праграм навучання для семінарыстаў і кандыдатаў да святарства і манаскага жыцця, правядзенне іх псіхалагічнай ацэнкі кваліфікаванымі і акрэдытаванымі экспертамі, вызначэнне норм для пераходу семінарыстаў з адной семінарыі ў другую.

У 19-м пункце прапануецца “сфармуляваць правілы паводзін, абавязковыя для ўсіх святароў, законнікаў, персаналу і валанцёраў, каб намеціць адпаведныя межы ў міжасобасных адносінах”, а таксама правяраць наяўнасць судзімасці ў іх.

У апошнім пункце адзначаецца неабходнасць стварэння “структур хуткага доступу” для ахвяр, якія жадаюць паведаміць пра магчымыя злачынствы. Прычым, такія структуры павінны мець аўтаномію нават ад мясцовага касцёльнага кіраўніцтва і складацца з дасведчаных асоб, духавенства і свецкіх вернікаў.

Францішак назваў дваццаць адзін тэзіс “зыходным пунктам” для ватыканскага саміту па абароне непаўналетніх.

Навіна ў фармаце аўдыё
21 лютага 2019, 13:57