Пошук

Кардынал Аўгустын Бэа Кардынал Аўгустын Бэа  

Пантыфік: кардынал Бэа – энтузіяст каталіцка-юдэйскага дыялогу

Францішак падкрэсліў важнасць спадчыны кардынала Аўгустына Бэа для развіцця каталіцка-юдэйскага дыялога. Ён сустрэўся 28 лютага 2019 г. у Ватыкане з удзельнікамі тэматычнага семінара.

Іерарх, які быў старшынёй Сакратарыята па хрысціянскім адзінстве ў 1960-х, застаецца ўзорам і крыніцай натхнення для экуменічнага і міжрэлігійнага дыялогу, а таксама “ўнутры-сямейнага” дыялогу з юдаізмам, заўважыў Папа.

Кардынал быў перакананы, “што любоў і павага з’яўляюцца асноўнымі прынцыпамі дыялогу”, нагадаў Пантыфік. Ён ніколі не забываўся пра дабрыню і чалавечнасць, здольныя наладзіць сяброўскія міжрэлігійныя сувязі, умеў прымаць іншых з дабрынёй. Іерарх быў рэалістам у адносінах да будучыні адзінства: з аднаго боку, усведамляў цяжкасці, а другога – захоўваў перакананне ў неабходнасці рэалізаваць Божую волю.

Рэпартаж з аўдыенцыі ў ватыканскім Апостальскім палацы

Францішак адзначыў поспехі, дасягнутыя ў дыялогу паміж юдэямі і католікамі пасля Другога Ватыканскага Сабора, што адбылося і дзякуючы вернасці прынцыпам, закладзеным кардыналам Бэа.

Да гэтага часу, юдэйска-хрысціянскі дыялог часта быў зарэзерваваны для спецыялістаў, і спецыялізаваныя даследаванні і веды вельмі важныя, але не дастатковыя, звярнуў увагу Пантыфік. Ён заклікаў ісці больш шырокім шляхам, на якім дыялог не будзе заставацца прэрагатывай абраных, але стане “плённай магчымасцю для многіх”. “Сяброўства і зносіны паміж яўрэямі і хрысціянамі павінны праходзіць за межамі навуковай супольнасці”, - лічыць Святы Айцец. Ён прапанаваў рабінам і святарам, якія жывуць у адным горадзе, разам служыць тым, хто мае патрэбу, і садзейнічаць міру і дыялогу.

Францішак пажадаў, каб успамін кардынала Бэа ў 50 гадавіну яго смерці стаў стымулам для ўмацавання пошуку адзінства паміж хрысціянамі і садзейнічання аднаўлення сяброўства з яўрэйскімі братамі і сёстрамі.

Навіна ў фармаце аўдыё

 

28 лютага 2019, 12:45