Сустрэча Папы з удзельнікамі пасяджэння Кангрэгацыі Божага Культу і Дысцыпліны Сакрамэнтаў Сустрэча Папы з удзельнікамі пасяджэння Кангрэгацыі Божага Культу і Дысцыпліны Сакрамэнтаў 

Францішак: у літургіі няма месца для прынцыпу “зрабі сам”

Нельга ставіць ідэалогію перад еднасцю, аплакваючы тэндэнцыі з мінулага ці навязваючы новыя, сказаў Папа падчас сустрэчы з удзельнікамі пасяджэння Кангрэгацыі Божага Культу і Дысцыпліны Сакрамэнтаў.

Аўдыенцыя адбылася 14 лютага 2019 г. у Малым зале ватыканскай Залы Паўла VI. У ёй прынялі ўдзел каля 80-ці ўдзельнікаў штогадовай пленарнай асамблеі, сярод якіх 22 кардыналы, 8 арцыбіскупаў і 11 біскупаў з пяці кантынентаў. На працягу некалькіх дзён яны разважалі над тэмай “Літургічная фармацыя Божага народа”

“У літургіі няма месца прынцыпу “зрабі сам”, бо яна з’яўляецца эпіфаніяй касцёльнай еднасці. Таму ў малітвах і жэстах гучыць “мы”, а не “я”, рэальная супольнасць, а не пэўны ідэальны суб’ект. Калі з настальгіяй аплакваюцца тэндэнцыі мінулага ці існуе жаданне навязваць новыя, узнікае рызыка таго, што будзем ставіць частку, перад усім; я, перад Божым народам; абстрактнае, перад канкрэтным; ідэалогію, перад еднасцю; і, у корані, свецкае перад духоўным”, - падкрэсліў Пантыфік.

Францішак нагадаў, што літургія – “гэта жыццё, якое фармуе”, а не “ідэя, якую трэба прыняць”.

“Важна памятаць, што рэальнасць больш важная за ідэю. Таму ў літургіі, як і іншых сферах касцёльнага жыцця, важна не зыходзіць да стэрыльных ідэалагічных палярызацый, якія часта ўзнікаюць, калі, лічачы ўласныя ідэі слушнымі для ўсіх кантэкстаў, уваходзім у стан няспыннай дыялектыкі ў адносінах да тых, хто іх не падзяляе. Такім чынам, магчыма, адштурхоўваючыся ад жадання рэагаваць на некаторыя небяспекі сучаснага кантэксту, рызыкуем засяродзіцца на мінулым, якога больш няма, ці ўцякаць ва ўяўную будучыню”, - сказаў Папа.

Рэпартаж з аўдыенцыі для ўдзельнікаў пасяджэння Кангрэгацыі Божага Культу

Паводле Святога Айца, неабходна пашыраць сярод Божага народа “ззянне жывой таямніцы Пана, якая адлюстроўваецца ў літургіі”.

“Казаць пра літургічную фармацыю Божага народа значыць, у першую чаргу, усвядоміць незаменную ролю літургіі ў Касцёле і для Касцёла. А потым трэба таксама канкрэтным чынам дапамагаць Божаму народа, каб лепш засвойваў малітву Касцёла, любіў яе, як досвед сустрэчы з Панам і братамі, і ў святле гэтага, адкрыў нанова яе змест і захоўваў абрады”, - сказаў Пантыфік.

Францішак зазначыў, што літургічная фармацыя не павінна быць абмежавана толькі перадачай ведаў адносна літургічных кніг ці належнага захавання абрадавай дысцыпліны, хоць і гэта таксама неабходна. Патрэбна сапраўдная “містагогія” для ўвядзення ў таямніцы літургіі, у жывую сустрэчу з Панам, укрыжаваным і ўваскрослым, перакананы ён.

“Каб літургія магла выконваць сваю фармацыйную і перамяняючую функцыю, трэба, каб душпастыры і свецкія вернікі былі ўведзены ў разуменне сэнсу і сімвалічнай мовы, уключаючы мастацтва, спеў, музыку, якія служаць здзяйсненню літургіі, а таксама маўчання”, - сказаў Папа.

Святы Айцец адзначыў важнасць няспыннай літургічнай фармацыі, у першую чаргу самаго духавенства, а таксама супрацоўніцтва паміж Кангрэгацыяй Божага Культу і партыкулярнымі Касцёламі.

Навіна ў фармаце аўдыё
14 лютага 2019, 14:32