Пошук

Vatican News
Папа падчас міжрэлігійнай сустрэчы ў Абу-Дабі Папа падчас міжрэлігійнай сустрэчы ў Абу-Дабі  (Vatican Media)

Пантыфік: або мы будуем будучыню разам, або будучыні не будзе

Зыходным пунктам з’яўляецца прызнанне таго, што Бог ёсць пачатак адной чалавечай сям’і; мы не можам праслаўляць Яго, не паважаючы недатыкальнасць кожнай асобы, адзначыў Пантыфік.

4 лютага 2019 г. ён выступіў на Глабальнай канферэнцыі на тэму чалавечага братэрства ў Абу-Дабі, якая сабрала рэлігійных і палітычных лідараў рэгіёну.

Усе аднолькава каштоўныя ў вачах Божых; у імя Бога Створцы трэба асудзіць любую форму гвалту; не існуе насілле, якое можа быць апраўдана рэлігійна, такія думкі прагучалі з вуснаў Францішка.

Ён адзначыў, што ворагам братэрства з’яўляецца індывідуалізм, які ён назваў “пасткай”, якая пагражае ўсім аспектам жыцця. Братэрства выказвае разнастайнасць і адрозненне, што існуе паміж братамі. Менавіта рэлігійны плюралізм, на думку Папы, з’яўляецца выразам гэтага.

Калі мы верым у існаванне чалавечай сям’і, то адсюль вынікае імкненне бараніць сям’ю як такую; без свабоды, мы ўжо не дзеці чалавечай сям’і, але рабы, заўважыў Пантыфік. Ён звярнуў увагу на рэлігійную свабоду, якая не абмяжоўваецца выключна свабодай веравызнання, але на самой справе азначае: “бачыць у іншым свайго брата”.

“Мужнасць іншасці” Францішак назваў душой дыялогу, заснаванага на сумленнасці намераў: “не можна абвяшчаць братэрства, а затым дзейнічаць у процілеглым кірунку”. Дыялог павінен падтрымлівацца малітвай.

“[Няма альтэрнатывы: або мы будуем будучыню разам, або будучыні не будзе]”

, - падкрэсліў Святы Айцец. Ён дадаў, што “асабліва рэлігіі не могуць адмовіцца ад надзённай задачы пабудовы мастоў паміж народамі і культурамі”.

Папа адзначыў важнасць адукацыі для ўзаемнага пазнання і “фарміравання адкрытай ідэнтычнасці, здольнай пераадолець спакусу замкнёнасці ў сабе і ўпартасці”. “Адукацыя і гвалт адваротна прапарцыянальныя”, - заўважаў ён.

“[Мір і справядлівасць неаддзельныя адно ад аднаго! Мір памірае, калі адмаўляецца ад справядлівасці, а справядлівасць аказваецца ілжывай, калі яна не паўсюдная]”

, - сказаў Пантыфік.

У сваім выступленні Францішак звярнуўся і да тэмы прагнасці. Ён заўважыў, што прыбытак любым коштам і цяперашнія законы рынку, якія прапагандуюць правіла “ўсё і адразу”, не служаць сустрэчы, зносінам, сям’і, важным аспектам жыцця, якія патрабуюць часу і цярпення”. Чыста ўтылітарны падыход да развіцця, дзе пануе абыякавасць да патрэб іншага чалавека, не прапаноўвае рэальнага і ўстойлівага прагрэсу.

“Братэрскае суіснаванне на аснове адукацыі і справядлівасці; чалавечае развіццё, заснаванае на гасціннай інклюзіўнасці і на правах усіх: гэта насенне міру, да развіцця якога закліканы рэлігіі”, - падкрэсліў Францішак у сваёй прамове падчас міжрэлігійнай канферэнцыі.

Навіна ў фармаце аўдыё
04 лютага 2019, 17:42