Папа і Імам абменьваюцца тэкстам дэкларацыі Папа і Імам абменьваюцца тэкстам дэкларацыі 

Папа і Вялікі імам падпісалі сумесную Дэкларацыю аб міры

Папа Францішак і Вялікі імам Аль-Азхар у Каіры, шэйх Ахмед Эль Таеб падпісалі гістарычную Дэкларацыю аб братэрстве паміж людзьмі, міры ў свеце і агульным суіснаванні.

Дакумент, падпісаны 4 лютага 2019 г. у Абу-Дабі, рашуча асуджае тэрарызм і насілле і заклікае да пашырэння талерантнасці і міру ў свеце, да абароны правоў кожнага чалавека, асабліва жанчын і дзяцей.

Каталіцкі Касцёл і Аль-Азхар запрашаюць палітычных лідараў свету, дзеячаў міжнароднай палітыкі і сусветнай эканомікі “як мага хутчэй умяшацца, каб спыніць праліццё нявіннай крыві і пакласці канец войнам, канфліктам, дэградацыі навакольнага асяроддзя, культурнаму і маральнаму заняпаду, які перажывае сучасны свет”.

Галоўнымі прычынамі гэтага крызісу аўтары бачаць “анестэзіраванае сумленне чалавека і аддаленне ад рэлігійных каштоўнасцей, а таксама перавагу індывідуалізму і матэрыялістычных філасофій”. У дакуменце гучыць перасцярога, што ўсё гэта “вядзе да атэістычнага і агнастычнага экстрэмізму або рэлігійнага інтэгралізму, да экстрэмізму і сляпога фундаменталізму”.

Папа Францішак і Вялікі імам нагадалі, што Стварыцель “дараваў жыццё, каб мы яго захоўвалі”, і рашуча асудзілі “любыя практыкі, якія пагражаюць жыццю, такія як генацыд, тэракты, прымусовыя перасяленні, гандаль чалавечымі органамі, аборт і эўтаназія, а таксама палітыку, якая ўсё гэта падтрымлівае”.

“[Мы просім усіх спыніць інструменталізацыю рэлігій з мэтай падбухторвання да нянавісці, насілля, экстрэмізму і сляпога фанатызму і выкарыстанне імені Бога для апраўдання забойства, выгнання, тэрарызму і прыгнёту]”

, - гаворыцца ў Дэкларацыі.

Аўтары называюць непрымальным міжнароднае маўчанне як рэакцыю на рэлігійны і нацыянальны экстрэмізм і нецярпімасць, якія спарадзілі прыкметы фрагментарнай трэцяй сусветнай вайны, а таксама на несправядлівае размеркаванне рэсурсаў, якое выклікае хваробы і галодную смерць шматлікіх асоб.

Між іншым, у Дэкларацыі гучыць заклік да абароны правоў жанчын і дзяцей, а таксама да спынення любых практык і традыцый, якія прыніжаюць іх годнасць.

“Аль-Азхар і Каталіцкі Касцёл заклікаюць, каб гэтая Дэкларацыя стала аб’ектам вывучэння і разважанняў ва ўсіх школах, універсітэтах і ўстановах адукацыі і выхавання” і выказваюць спадзяванне, што яна стане “сімвалам абдымкаў Усходу і Захаду, Поўначы і Поўдня”.

Навіна ў фармаце аўдыё
04 лютага 2019, 17:10