Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Папа здзейсніў нечаканы візіт у жаночы кляўзуровы кляштар

Папа здзейсніў нечаканы прыватны візіт у кляўзуровы кляштар Валеглорыя італьянскага горада Спэла, у якім жывуць і нясуць служэнне законніцы з кантэмпляцыйнага ордэна Убогіх Сясцёр – кларысак.

Гэта адбылося 11 студзеня 2019 г. у першай палове дня. Спантанны жэст Пантыфіка стаў яго адказам на наведванне сёстрамі-кларыскамі ватыканскага Дома св. Марты. Тады, 25 жніўня 2016 г., у прысутнасці кляўзуровых законніц з усяго свету, Святы Айцец уручыў ім Апостальскую канстытуцыю “Vultum Dei quaerere” (“Пошук Божага аблічча”) – дакумент, прысвечаны жаночаму кантэмпляцыйнаму жыццю.

Аб сваім намеры здзейсніць візіт у манастыр кларысак Францішак паведаміў толькі біскупу Гуальцьеры Сігізмондзі, душпастыру дыяцэзіі Фаліньё, у якім размешчаны жаночы кляштар.

Папа з’явіўся на яго парозе каля дзявятай гадзіны раніцы і прыняў удзел у св. Імшы разам з законніцамі. Пасля сумеснай малітвы Францішак прысвяціў пэўны час на нефармальныя размовы з сёстрамі і застаўся ў кляштары на абед.

“Мы нікога не чакалі, таму нічога надзвычайнага не прыгатавалі. Аднак ён вельмі проста сеў з намі за стол і паводзіў сябе як айцец і сапраўдны пастыр”, - падзялілася ўражаннямі абатыса кляштара сястра К’яра Маскеці.

Апоўдні Папа развітаўся з законніцамі. Напаследак Святы Айцец пажадаў ім жыць у еднасці з Богам і ў любові супольнасці, а таксама папрасіў іх аб малітве за Касцёл і за маладое пакаленне, асабліва з улікам надыходзячых XXXIV Сусветных дзён моладзі ў Панаме. Перад ад’ездам Святы Айцец удзяліў Апостальскае благаслаўленне ўсёй дыяцэзіі Фаліньё.

Навіна ў фармаце аўдыё
12 студзеня 2019, 11:29