Пошук

Папа вітае хворых падчас агульнай аўдыенцыі ў Ватыкане Папа вітае хворых падчас агульнай аўдыенцыі ў Ватыкане 

Папа скіраваў пасланне на XXVII Сусветны дзень хворых

“Задарма атрымалі, задарма давайце” (Мц 10,8), - словы Хрыста з Евангелля св. Мацвея азагаловілі пасланне Папы на XXVII Сусветны дзень хворых. Яго апублікавалі ў Ватыкане 8 студзеня 2019 г.

Жэсты шчодрага дару, па прыкладзе Добрага Самараніна, гэта самы надзейны спосаб евангелізацыі, адзначыў Францішак. Ён нагадаў, што апека над хворымі патрабуе прафесіяналізму, адчувальнасці, бескарыслівасці, непасрэднасці і прастаты.

“Сутыкаючыся з культурай непрымання і абыякавасці, я хацеў бы падкрэсліць, што дар варта разглядаць у якасці парадыгмы, здольнай супрацьстаяць індывідуалізму і сучаснай сацыяльнай фрагментацыі, каб ініцыяваць новыя віды сувязі і розныя формы чалавечага супрацоўніцтва паміж народамі і культурамі”, - напісаў Святы Айцец.

У той жа час, Папа звярнуў увагу, што дарэнне не атаясамліваецца выключна з даваннем. “Яно не можа быць зведзена да простай перадачы ўласнасці або нейкага прадмету. Адрозніваецца ад давання менавіта таму, што ўтрымлівае самаахвярнасць і намер стварыць сувязь”, - патлумачыў ён.

Францішак заўважыў, што па сваёй сутнасці кожны чалавек з’яўляецца бедным. “На любым этапе і на любой стадыі жыцця, ніхто з нас не можа цалкам вызваліцца ад патрэб і дапамогі іншых. Сумленнае прызнанне гэтай ісціны дапамагае нам заставацца сціплымі і мужна практыкаваць салідарнасць, як неабходную для існавання цноту”, - адзначыў ён. Пантыфік дадаў, што мы ўласнымі сіламі не ў стане пераадолець любыя абмежаванні.

Галоўныя мерапрыемствы Сусветнага дня хворых сёлета пройдуць у індыйскай Калькуце. Спаслаўшыся на гэта, Францішак узгадаў прыклад Маці Тэрэзы, якая, паводле яго, “дапамагае нам зразумець, што адзіным крытэрыем дзеяння павінна быць бескарыслівая любоў да ўсіх”.

Папа адзначыў важнасць працы валанцёраў, “што мае вялікае значэнне ў сацыяльна-медыцынскім сектары”; яны дэманструюць жыццё паводле “духоўнасці Міласэрнага Самараніна”.

“[Дзякую і падтрымліваю ўсе валанцёрскія асацыяцыі, якія займаюцца перавозкай і ратаваннем пацыентаў, забяспечваюць донарства крыві, тканак і органаў]”

, - напісаў Папа.

“Стаўленне самаахвярнасці павінна стымуляваць галоўным чынам каталіцкія ўстановы аховы здароўя, таму што логіка Евангелля вызначае іх дзейнасць, як у найбольш перадавых, так і самых цяжкіх месцах. Каталіцкія ўстановы закліканы даць прыклад самааддачы, шчодрасці і салідарнасці ў адказ на менталітэт прыбытку любым коштам, давання дзеля атрымання і эксплуатацыі, якая выключае клопат пра людзей”, - звярнуў увагу Святы Айцец.

“Заклікаю ўсіх, на кожным узроўні, садзейнічаць развіццю культуры шчодрасці і дару, якая з’яўляецца неабходнай умовай для пераадолення культуры прыбытку і непрымання. Каталіцкія ўстановы аховы здароўя не павінны патрапіць у пастку простага бізнес-мыслення; яны павінны клапаціцца больш пра дапамогу чалавеку, чым пра прыбытак”, - напісаў Францішак.

Папа даручыў усіх адрасатаў паслання Маці Божай, якая вучыць даваць з шчодрым сэрцам і спазнаваць радасць бескарыслівага служэння.

XXVII Сусветны дзень хворых будзе адзначацца ў Касцёле 11 лютага 2019 г.

Навіна ў фармаце аўдыё
08 студзеня 2019, 13:14