Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Папа скіраваў пасланне на Сусветны дзень сацыяльнай камунікацыі

“З таго часу як інтэрнэт стаў даступным, Касцёл заўсёды імкнецца спрыяць, каб яго выкарыстанне служыла сустрэчы і салідарнасці”, - напісаў Папа ў пасланні на Сусветны дзень сацыяльнай камунікацыі.

Дакумент на тэму: “Мы – часткі адзін аднаго” (Эф 4, 25). Ад сеткавай суполкі да чалавечай супольнасці” быў абнародаваны 24 студзеня 2019 г. У ім Францішак заклікаў да глыбокай рэфлексіі над важнасцю сапраўдных адносін для кожнага чалавека.

Святы Айцец падкрэсліў, што інтэрнэт можа быць “крыніцай ведаў і стасункаў, якія яшчэ нядаўна немагчыма было ўявіць”. У той жа час, ён можа быць месцам, у якім распаўсюджваецца дэзінфармацыя, “свядомае і мэтанакіраванае скажэнне фактаў” і дыскрэдытацыя.

Паводле Папы, “трэба прызнаць, што сацыяльныя сеткі, з аднаго боку, служаць, каб усё больш і больш злучаць нас, дапамагаць нам знаходзіць адно аднаго і аказваць узаемную падтрымку, а з іншага, выкарыстоўваюцца для маніпуляцый асабістымі дадзенымі з мэтай атрымання палітычнай ці эканамічнай выгады, без належнай павагі да асобы і яе правоў”.

Францішак звярнуў асаблівую ўвагу на рызыкі, з якімі сутыкаецца ў інтэрнэце моладзь.

“[Статыстыка паказвае, што адзін з чатырох людзей маладога ўзросту меў справу з выпадкамі кібербулізму]”

, - заўважыў ён.

Папа перакананы, што “сеткавая суполка не з’яўляецца аўтаматычна сінонімам супольнасці”. У лепшым выпадку, інтэрнэт-суполкі могуць даваць сведчанне згуртаванасці і салідарнасці, але часта застаюцца толькі агрэгатам індывідуумаў, якіх аб’ядноўваюць выключна супольныя інтарэсы або тэмы, але якія маюць слабыя повязі паміж сабой.

Францішак зазначыў, што “сеціва з’яўляецца магчымасцю для спрыяння сустрэчы з іншымі, але можа таксама ўмацоўваць нашу самаізаляцыю, на падабенства павуцінню, якое ловіць у пастку”. Паводле яго, моладзь бывае схільнай да ілюзіі, што сацыяльныя сеткі могуць цалкам задаволіць патрэбу ў адносінах. Існуе “небяспечны феномен маладых сацыяльных пустэльнікаў, якія рызыкуюць цалкам аддаліцца ад грамадства”, папярэдзіў Папа.

Лейтматывам дакумента з’яўляецца ўрывак з Паслання да Эфесцаў “Дзеля таго адкіньце падман, гаварыце праўду кожны свайму бліжняму, бо мы – часткі адзін аднаго” (4,25). Спасылаючыся на гэтыя словы, Францішак падкрэсліў, што праўда раскрываецца ў адзінстве, а падман – гэта “эгаістычнае адмаўленне прызнаць уласную прыналежнасць да цела; адмаўленне ад таго, каб прыносіць сябе ў дар, губляючы такім чынам адзіны шлях да таго, каб знайсці сябе”.

Сваё пасланне Пантыфік завяршае заклікам да адказнага і карэктнага выкарыстання інтэрнэту. Яно павінна быць камплементарным сапраўднай сустрэчы паміж людзьмі.

“[Такога сеціва мы прагнем. Сеціва, створанага не для таго, каб лавіць у пастку, але, каб вызваляць, каб захоўваць адзінства паміж свабоднымі людзьмі]”

, - напісаў Папа.

Ён нагадаў, што Касцёл таксама з’яўляецца сеткай, сатканай з эўхарыстычнай еднасці, дзе “адзінства грунтуецца не на “лайках”, а на праўдзе, на “амэн”, праз якое кожны далучаецца да Цела Хрыста, прымаючы іншых”.

Сусветны дзень сацыяльнай камунікацыі ўстанавіў Павел VI. Упершыню ён прайшоў 7 мая 1967 г. З таго часу штогод у Каталіцкім Касцёле адзначаецца прафесійнае свята супрацоўнікаў СМІ з адмысловым дэвізам і папскім пасланнем. Сёлета ён прыпадае на 2 чэрвеня.

Навіна ў фармаце аўдыё
24 студзеня 2019, 12:06