Папа падчас Нешпараў у базыліцы св. Паўла за Мурамі Папа падчас Нешпараў у базыліцы св. Паўла за Мурамі 

Папа: прызнаваць Божыя дары таксама ў іншых хрысціян

Шлях да еднасці патрабуе дзялення атрыманымі дарамі і прызнання дароў іншых, падкрэсліў Святы Айцец падчас малітвы Нешпараў, якую 18 студзеня 2019 г. узначаліў у базыліцы св. Паўла за Мурамі.

Урачыстая цэлебрацыя прайшла з нагоды адкрыцця Тыдня малітваў аб еднасці хрысціян. У ёй прынялі ўдзел прадстаўнікі розных хрысціянскіх супольнасцей, прысутных у Рыме, члены экуменічнай дэлегацыі з Фінляндыі, праваслаўныя студэнты, якія атрымалі стыпендыі ад Папскай рады спрыяння хрысціянскаму адзінству.

У гаміліі Францішак звярнуў асаблівую ўвагу на глыбокую сувязь паміж святамі і справядлівасцю, пра што казаў Закон Майсея. “Святы заклікаюць народ да справядлівасці, нагадваючы пра фундаментальную роўнасць паміж усімі, аднолькава залежнымі ад Божай міласэрнасці, і запрашаючы кожнага дзяліцца з іншымі атрыманымі дарамі”, - сказаў Пантыфік.

“[Аддаваць пашану і хвалу Пану падчас штогадовых святаў значыла таксама аддаваць пашану і справядлівасць свайму бліжняму, асабліва беднаму і патрабуючаму]”

, - дадаў ён.

Святы Айцец падкрэсліў, што сёння справядлівасць знаходзіцца пад пагрозай ва ўсім свеце. “Калі грамадства больш не мае ў якасці фундамента салідарнасць і агульнае дабро, мы назіраем непрымальную сітуацыю людзей, якія жывуць у крайняй беднасці побач з хмарачосамі, велізарнымі гатэлямі і раскошнымі гандлёвымі цэнтрамі, сімваламі ашаламляльнага багацця”, - падкрэсліў Папа.

“[Мы разарвалі сувязь з мудрасцю Закона Майсея, згодна з якой, калі не дзеляцца багаццемі, раздзяляецца само грамадства]”

, - дадаў ён.

Гаворачы пра роўнасць паміж людзьмі Пантыфік звярнуў увагу на небяспеку, якой падвяргаюцца сучасныя хрысціяне, калі не заўважаюць дары, што іншыя канфесіі атрымалі ад Бога.

“Гэта цяжкі грэх – памяншаць дары ці пагарджаць дарамі, якімі Пан адарыў іншых братоў, думаючы, што яны, нейкім чынам з’яўляюцца менш прывелеяванымі Богам. Калі будзем мець падобныя думкі, зробім так, што ласка, якую атрымалі, стане крыніцай пыхі, несправядлівасці і падзелаў. І як зможам тады ўвайсці ў абяцанае Валадарства?”, - спытаў ён.

Рэпартаж з базылікі св. Паўла за Мурамі

Паводле Францішка, у такой сітуацыі пакора дапамагае разумець, што “атрыманыя ласкі не з’яўляюцца нашымі па праве, але ў сілу дара, і што былі дадзены нам, каб дзяліліся з іншымі”. Толькі так “хрысціянскі народ, абноўлены і ўзбагачаны гэтым абменам дарамі, будзе народам, здольным крочыць з моцай і ўпэўненасцю па шляхах, што вядуць да еднасці”, - сказаў Папа на заканчэнне гаміліі.

Тыдзень малітваў аб еднасці хрысціян праходзіць штогадова 18-25 студзеня. Звычайна Папа цэлебруе ўрачыстыя Нешпары на заканчэнне гэтай малітоўнай ініцыятывы. Сёлета, у сувязі з яго падарожжам у Панаму на Сусветныя дні моладзі, малітва адбылася на распачацце Тыдня.

Навіна ў фармаце аўдыё
19 студзеня 2019, 11:27