Cerca

Vatican News
Папа падчас агульнай аўдыенцыі ў Ватыкане Папа падчас агульнай аўдыенцыі ў Ватыкане  (Vatican Media)

Папа: малітва патрабуе, каб усведамлялі сябе Божымі дзецьмі

На значэнне сыноўскіх адносін з Богам як зыходнай кропкі хрысціянскай малітвы ўказаў Пантыфік падчас першай у новым годзе агульнай аўденцыі. Яна прайшла 2 студзеня 2019 г. у Ватыкане.

Працягваючы цыкл катэхез, прысвечаны малітве “Ойча наш”, Святы Айцец заклікаў маліцца ад усяго сэрца, без крывадушнасці, жыць як Божыя дзеці, даючы сапраўднае хрысціянскае сведчанне, не маючы нянавісці да іншых і не гаворачы пра іх кепска.

Францішак заўважыў, што ў Евангеллі св. Мацвея тэкст малітвы “Ойча наш” змешчаны ў “стратэгічным месцы” – у самым цэнтры “Нагорнага казання”, дзе Езус “абагульніў фундаментальныя аспекты свайго вучэння”. Уводзінамі тут з’яўляюцца благаслаўленні, праз якія Ён “адарае вянцом шчасця шэраг катэгорый людзей, якіх тады – але таксама і ў наш час! – не вельмі паважалі. Благаслаўлёныя ўбогія, лагодныя, міласэрныя, пакорныя сэрцам...”, нагадаў Папа.

“Гэта рэвалюцыя Евангелля! Дзе ёсць Евангелле, там ёсць і рэвалюцыя! Евангелле не пакідае ў супакоі, заахвочвае нас. Яно рэвалюцыйнае!”

, - сказаў Францішак.

“Усе асобы, здольныя да любові, міратворцы, якія дагэтуль знаходзіліся на ўзбочыне гісторыі, з’яўляюцца будаўнікамі Божага Валадарства. Гэта як бы Езус сказаў: наперад, вы, што носіце ў сэрцы таямніцу Бога, што адкрыў сваю ўсемагутнасць у любові і прабачэнні!”, - дадаў ён.

Паводле Пантыфіка, з гэтых уводзінаў, якія “пераварочваюць каштоўнасці гісторыі”, зыходзіць навіна Евангелля: “Закон не павінен быць адменены, але мае патрэбу ў новай інтэрпрытацыі, што прывядзе да яго першапачатковага сэнсу”, а “кожнае Божае слова павінна быць рэалізавана ў жыцці, аж да яго апошніх наступстваў”, дадаў ён.

“Любоў не мае межаў: можна любіць сужонка, сябра і нават ворага ў цалкам новай перспектыве. Езус Кажа: “А Я кажу вам: любіце ворагаў вашых і маліцеся за тых, хто пераследуе вас, каб сталіся вы сынамі Айца вашага, які ў нябёсах. Бо Ён загадвае сонцу свайму ўзыходзіць над дрэннымі і добрымі і пасылае дождж на справядлівых і несправядлівых”, - нагадаў Пантыфік.

Паводле Святога Айца, тут можна ўбачыць вялікую таямніцу, якая знаходзіцца ў аснове ўсяго “Нагорнага казання”: быць сынамі Айца, які ў нябёсах.

“Хрысціянін – гэта не той, хто імкнецца быць дабрэйшым за іншых: ён ведае, што з’яўляецца грэшнікам, як і іншыя”

, - сказаў Папа.

“Проста хрысціян, гэта чалавек, якія стаіць перад новым палаючым кустом, перад абліччам аб’яўлення Бога, Які не прыносіць таямніцу невымоўнага імя, але Які прагне, каб Яго дзеці ўсклікалі да Яго “Ойча”, каб дазволілі Яму абнавіць сябе Яго моцай і адлюстроўвалі прамень Яго дабрыні для гэтага свету, які так моцна прагне дабра, так моцна чакае добрых вестак”, - заўважыў Пантыфік.

Францішак падкрэсліў, што Езус пачынае вучыць малітве “Ойча наш” звяртаючы ўвагу на непрымальнасць паводзінаў крывадушнікаў, што моляцца напаказ. Такая малітва – гэта “скандал” для Касцёла, лічыць ён.

“Як часта мы бачым абурэнне, што правакуюць людзі, якія прыходзяць у касцёл і знаходзяцца там увесь дзень, або якія прыходзяць штодня, а потым нянавідзяць іншых, гавораць кепска пра людзей. Гэта скандал! Лепш, каб не хадзілі ў касцёл і жылі як атэісты!”, - сказаў Папа.

“Калі ходзіш у касцёл, жыві як Божае дзіця, як брат і давай сапраўднае сведчанне, а не антысведчанне”

, - заклікаў ён.

Святы Айцец пажадаў таксама, каб малітва вернікаў не была простым паўтарэннем завучаных слоў, але зыходзіла з самага сэрца, каб звярталіся да Бога як дзеці, што звяртаюцца да свайго бацькі.

Паводле Францішка, малітва “Ойча наш” можа быць “таксама маўклівай малітвай”. Дастаткова стаць перад вачыма Бога, памятаючы пра яго бацькоўскую любоў і гэтага будзе дастаткова, каб быць пачутымі.

“Як цудоўна думаць, што наш Бог не патрабуе ахвяр для здабыцця Яго добрага стаўлення! Ён не патрабуе нічога, наш Бог: у малітве Ён просіць толькі, каб мы трымалі адкрытым канал камунікацыі з Ім, каб заўсёды адкрывалі для сябе, што з’яўляемся Яго дарагімі дзецьмі”, - сказаў Папа на заканчэнне сваёй катэхезы.

Рэпартаж з агульнай аўдыенцыі ў Ватыкане
Навіна ў фармаце аўдыё
02 студзеня 2019, 11:48