Папа Францішак Папа Францішак 

Папа да біскупаў ЗША: перамагчы праблему злоўжыванняў навяртаннем

Каб перамагчы праблему злоўжыванняў патрэбна навяртанне, а не дэкрэты і камісіі, падкрэсліў Папа ў лісце да біскупаў ЗША, якія сабраліся на рэкалекцыях ў Мундэлэйне, у Чыкагскай архідыяцэзіі.

Духоўныя практыкаванні праходзяць 2-8 студзеня 2018 г. у кантэксце крызісу, выкліканага злоўжываннямі прадстаўнікоў духавенства на тэрыторыі паўночнаамерыканскіх дыяцэзій. Праводзіць рэкалекцыі прыбыў з Ватыкана прапаведнік Папскага дома, айцец Раньера Канталамеса. Тэма яго медытацый: “І ўстанавіў Дванаццаць, якіх і назваў Апосталамі, каб яны былі з Ім, каб паслаць іх прапаведаваць” (Мк 3,14).

Святы Айцец нагадаў, што 13 верасня 2018 г. размаўляў з кіраўніцтвам амерыканскага епіскапату і прапанаваў біскупам сабрацца на адмысловых духоўных практыкаваннях, якія павінны дапамагчы знайсці евангельскі адказ на крызіс даверу, што перажывае мясцовы Касцёл па прычыне злоўжыванняў. Пантыфік указаў на прыклад Езуса, Які ў важныя хвіліны свайго служэння аддаляўся ад людзей, каб маліцца на працягу ўсёй ночы, і заклікаў вучняў рабіць тое самае.

Францішак нагадаў пра абяцанне, дадзенае біскупам: духоўна суправаджаць іх падчас рэкалецый. “Як Наступнік св. Пятра я хацеў бы злучыцца з вамі і разам з вамі прасіць Пана, каб спаслаў свайго Духа, здольнага “чыніць усё новае”, а таксама ўказваць жыццёвы шлях, прайсці які мы пакліканы як Касцёл, дзеля дабра даверанага нам народа”, - напісаў Святы Айцец.

Паводле Папы, грахі і злачынствы, а яшчэ больш іх змяншэнне і ўтойванне, сур’ёзна пашкодзілі даверу да Касцёла. Менавіта “ўтойванне, замест таго, каб дапамагчы вырашыць канфлікты, прывяло да іх павелічэння і ранення асноў міжчалавечых стасункаў, якія зараз мы павінны аздараўляць”, - дадаў ён.

Святы Айцец зазначыў, што існуючая сітуацыя стварае напружанасць не толькі ў супольнасці вернікаў, але таксама сярод біскупаў. Ён заклікаў улічваць той факт, што канфлікты і ўзаемныя абвінавачванні не спрыяюць вырашэнню праблем. Неабходны новы падыход да кантакту з супольнасцямі, а таксама перагляд камунікацыі душпастыраў паміж сабой і стаўлення да маёмасці, кіраванне якой ім было даручана.

Паводле Францішка, надышоў час не толькі для добрых менеджэраў, але таксама пастыраў, якія ў духу калегіяльнасці выконваюць сваю місію. Таму трэба “лепш занурыцца ў рэчаіснасць, спрабуючы зразумець яе і пачуць яе знутры, пры гэтым не стаўшы яе нявольнікамі”, папярэдзіў Пантыфік. Ён дадаў, што цела Касцёла ў Злучаных Штатах павінна прызнаць сябе грэшнікам, які, аднак, пакліканы да навяртання. Нельга баналізаваць адказу, але трэба слухаць голас Пана, якія прамаўляе ў цішыні, і заахвоціцца Яго словам, падкрэсліў Папа.

Святы Айцец заклікаў амерыканскіх біскупаў ствараць вакол сябе атмасферу сяброўства і служэння, пазбягаць пасткі да якой вядзе імкненне да функцыянальнасці і эфектыўнасці, уласцівае сферы бізнеса. “Давер нараджаецца з шчырага і штодзённага, пакорнага і бескарыслівага служэння ўсім, у першую чаргу тым, каго Пан палюбіў асаблівым чынам”, - нагадаў Францішак.

Пантыфік заклікаў іерархаў быць пільнымі, каб не скарыцца перад дынамікай “свету, схільнага да нянавісці і адчужэння, да знішчэння еднасці і да насілля ў адносінах да братоў”, бо місія Касцёла заключаецца ў тым, каб “быць зямлёй сустрэчы і гасціннасці не толькі для сваіх членаў, але для ўсёй чалавечай сям’і”.

На заканчэнне свайго паслання Францішак заклікаў біскупаў “дзейсна і крэатыўна засведчыць, што Бог – гэта Айцец ўсіх”. Гэта місія будзе паспяховай пры ўмове супрацоўніцтва з іншымі грамадскімі суб’ектамі, у барацьбе за тое, каб станавіцца “прыладамі еднасці, згоды і міру”. Гэтага можна дасягнуць праз крыж, якога не можам пазбягаць, зазначыў Святы Айцец.

Духоўныя практыкаванні для біскупаў ЗША праходзяць напярэдадні агульнакасцёльнай сустрэчы старшынь епіскапатаў з усяго свету, якая пройдзе па ініцыятыве Папы 21-24 лютага 2019 г. у Ватыкане на тэму абароны непаўналетніх і ўразлівых асоб. Яна стане чарговым крокам Касцёла ў напрамку выкаранення з’явы злоўжыванняў у каталіцкіх структурах.

Навіна ў фармаце аўдыё
04 студзеня 2019, 12:00